Жамойць (2005)

Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.1. – Мінск, 2005. С. 624–625

Жамойць (Жемоить, Жэмайція, Жмудзь, лац. Samogittia), гіст. вобласць і адм.-тэр. адзінка ў складзе ВКЛ. Па-літоўску назва Ж. азначае “ніжняя”, што найб. вераг., ужывалася для абазначэння зямлі, ніжэйшай па цячэнні Нёмана за ўласна Літоўскую зямлю (Аўкштоту). У 1-й пал. 13 ст. кіравалася мясцовай дынастыяй, якая знаходзілася ў палітычнай залежнасці ад дынастыі з усх. Літвы. У «Хроніцы Лівоніі» назва Ж. не сустракаецца, а сумежныя з уладаннямі Лівонскага ордэна землі называюцца Літвой. Упершыню Ж. ускосна згадваецца ў Дагаворы 1219, калі двое з падпісаўшых яго літоўскіх князёў, Эрдзівіл і Выкінт, названы жамойцкімі. У больш познім (1413) дакуменце адзначана, што Жамоць з’яўляецца вотчынай уладароў Літвы 168 гадоў – г.зн. з 1245. Магчыма, тады адбылося істотнае змяненне статусу жамойцкіх князёў у адносінах да галоўнай літоўскай дынастыі, на чале якой ужо стаяў Міндоўг. Каля 1250 Выкінт Жамойцкі стаў адным з удзельнікаў мяцяжу супраць Міндоўга, што выклікала паход апошняга на рэзідэнцыю Выкінта Тверымет (Цверы). Прыняўшы каталіцтва, Міндоўг у 1253 падараваў Тэўтонскаму ордэну шэраг валасцей у Ж., якая на той час займала парэчча Дубісы і Юры (Бетыгола, Айрагола, Расіены, Крожы, Лукаў, зямля Каршова). Абшары далей на З. і Пн-З. да ўзбярэжжа Балтыкі і суч. граніцы з Латвіяй (зямля Цэкліс і воласць Паланга) тады яшчэ былі заселены куршамі, а воласць Памемунь на Пд. ад Нёмана належала да Судавы (Яцвягіі). У 1260 Міндоўг падтрымаў паўстанне супраць ордэна, якое ўспыхнула ў Ж., пасля чаго ўладу там атрымаў сын яго сястры Транята. У 1263 апошні пасля забойства Міндоўга атрымаў вярхоўную ўладу, пад якой аб’ядналіся Літва і Ж. У падзеях наступных дзесяцігоддзяў яны палітычна ўтваралі адно цэлае, але памяць пра ранейшую самастойнасць Ж. трывала захоўвалася. Пра пэўную этнічную адметнасць жыхароў Ж. сведчыць выраз «літоўцы і жамойты» (Littoven und Sameiten), які ўжыты ў «Старэйшай рыфмаванай хроніцы» (гл. Інфлянцкія хронікі) пры апісанні падзей 1250-х гг. Такое ж адрозненне сустракаецца і ў рускіх летапісах: у паходзе на Рыгу ў 1286 г. удзельнічалі «Литва вся и Жемоть вся», у паходзе Альгерда на Пераяслаў у 1373 г. удзельнічалі «Литва и Ляхи и Жемоть». У інш. крыніцах Ж. выступае як складовая частка Літвы, якая супрацьпастаўляецца інш. частцы – Аўкштоце. Упершыню такое супрацьпастаўленне Ж. і Аўкштоты як дзвюх частак уладанняў «літоўскага караля» ўжыта Пятром з Дусбурга (пры апісанні падзей 1294–1300 гг.), а затым у дагаворы Гедыміна з Рыжскім магістратам 1323. На працягу 14 ст. Ж. вельмі цярпела ад нападаў рыцараў Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Памежныя з Лівоніяй паўн. ускрайкі Ж., уключаючы воласць Шаўле (вядомую з сяр. 13 ст.) у 2-й пал. 14 ст. практычна запусцелі. Экспансія Тэўтонскага ордэна ажыццяўлялася пераважна ўздоўж Нёмана, паміж вусцямі Юры і Дубісы. Ужо ў 1259 у зямлі Каршова быў заснаваны тэўтонскі замак Юргенбург (Юрбарк), у 1313 вышэй па Нёмане – Хрыстмемель (Скірстымонь). З канца 13 ст. рубяжы абароны ВКЛ на Пд Ж. ляжалі ў вол. Вялёна (Юнігеда), якая з 1333 неаднаразова пераходзіла з рук у рукі, канчаткова захоплена крыжакамі ў 1367. Пад час усобіцы ў ВКЛ у 1382 амаль уся Ж. трапіла пад кантроль Тэўтонскага ордэна. На той час яна складалася з валасцей (земляў), за якімі крыжакі захавалі пэўнае самакіраванне: Меднікі (у цэнтр. Ж., пазней падзялілася на вол. Цверы, Шаўдаў, Павандэны, Каркляны і вераг. Ужвены), Крожы (на У ад Меднікаў), Калтыняны (у былой зямлі Каршова на Пд ад Меднікаў), Кнетува (на Пн-У, падзялілася на вол. Бержаны, Патумшы, Вялікія і Малыя Дырвяны), Відукле, Расіены і Айрагола (на Пд-У). Ордэнская адміністрацыя размяшчалася ў замку Фродэбург на тэр. раней заваяванай вол. Вялёна. У складзе ВКЛ засталіся толькі воласці на У ад р. Дубісы: Ясвойна, Тандзягола і, верагодна, панямонскія Постаў, Гойжава і Пярнараў (пазней утварылі вол. Вількія). У 1392 Вітаўт прыняў тытул вял. князя літоўскага і жамойцкага, але ў 1398 прызнаў права Тэўтонскага ордэна на Ж.

Кантроль ВКЛ над усёй Ж. быў вернуты ў выніку паўстання 1409-11 і замацаваны дагаворам 1422. Напэўна, тады да Ж. былі далучаны на З. і Пн-З вол. Паланга і былая зямля Цэкліс (падзялілася на вол. Біржыняны, Тэльшы, Вейшвяны, Плоцеле, Жараны, Медынгяны, Гондынга, Рэтаў), а таксама былая вол. Памемунь за Нёманам (падзелена паміж валасцямі Вялёна і Вількія). З гэтага часу пачалася інтэнсіўная каланізацыя папярэдне запусцелых ускраінных валасцей на З (у былой зямли Цэклис), Пн (Шаўле, Дырваны) і Пд. (Паюры, Каршова, Вялёна). Каталіцтва ў Ж. было афіцыйна ўведзена ў 1413, з 1413 створана Жамойцкае біскупства з рэзідэнцыяй у Медніках. Першым намеснікам (старастам) Ж. у 1411 стаў Румбольд Валімунтавіч, з 1412 па 1432 гэтую пасаду займаў яго брат Кезгайла. Ён атрымаў вялікія пажалаванні ад Вітаўта (Крожы, Плоцеле, Шаўляны), якія паклалі пачатак латыфундыям рода Кезгайлаў у Ж. У 1418 адбылася паўстанне супраць паскоранага насаджэння каталізызму. У 1440 пасля абрання вял. князем Казіміра у Ж. успыхнуў новы мяцеж, мясц. баярства стала на бок іншага прэтэндэнта на пасад – Міхаіла Жыгімонтавіча. Старастам абраны мясцовы баярын Контаўт, які захаваў пасаду і пасля замірэння мяцяжу (да 1444). Вынікам паўстання стала наданне Ж. прывілея 1441, у якім ёй гарантаваўся федэратыўны статус. З гэтага часу поўная афіцыйная назва ВКЛ абавязкова змяшчала і назву Ж, якая традыцыйна называлася зямлёй, але фактычна была роўнай ваяводству. Федэратыўныя правы Ж. затым пацверджаны земскімі прывілеямі 1492 і 1507. Пасада старасты ў 1445 вернута роду Кезгайлаў і заставалася ў руках 4 яго прадстаўнікоў на працягу 3 пакаленняў: старастамі жамойцкімі былі паслядоўна Міхаіл Кезгайлавіч (1445-50), Ян Кезгайлавіч (1465-85), Станіслаў Янавіч (1486-1526) і Станіслаў Станіслававіч (1527-32). Затым гэтую пасаду займалі П.С.Кішка (1532-34), Я.М.Радзівіл (1535-42), М.В.Клочка (1542-43), Ю.М.Бялевіч (1543-44), Е.Хадкевіч (1545-61), Я.Е.Хадкевіч (1561-79). Адміністрацыйна Ж. падзялялася на воласці, узначаленыя цівунамі: Айрагола, Бержаны, Біржыняны, Вейшвяны, Відукле, Вількія, Вялёна, Вялікія Дырваны, Гондынге, Жараны, Каркляны, Каршова, Кельме (пасля 1529 далучана да Крожаў), Крожы, Малыя Дырваны, Медынгяны, Павандэны, Паланга, Патумшы, Паюры, Плоцеле, Расіены, Рэтаў, Тэльшы, Тандзягола, Ужвены, Цверы, Шаўдаў, Шаўле, Ясвойна. Такі валасны падзел і знешнія межы заставаліся ў далейшым нязменнымі да канца існавання ВКЛ.

Паводле адм. рэформы 1565-66 Ж. захавала назву зямлі, але атрымала той жа склад ураднікаў, як усе ваяводствы. Земскія ўрады размяшчаліся ў Расіенах. Першым кашталянам стаў М.Шэмет, суддзёй земскім – С.Вяковіч. Пасаду старосты пасля Я.Е.Хадкевіча займалі Ю.Ю.Хадкевіч (1590-95), С.М.Радзівіл (1595-99), Я.К.Хадкевіч (1599-1616), Е.Валовіч (1619-36), Я.Ласкі (1643-46), Я.Радзівіл (1646-53), Е.К.Глябовіч (1653-68), А.Г.Палубінскі (1668-69), В.К.Млечка (1670-79), К.Я.Сапега (1681), П.М.Пац (1684-96), Р.Агінскі (1698-1709), К.Заранка-Гарбоўскі (1710-29), Ю.Тышкевіч (1742-54), Я.М.Хадкевіч (1765-81), А.Гелгуд (1783-94). Плошча тэрыторыі Ж. складала каля 19 тыс. км2, колькасць дымоў у 1650 налічвала звыш 49 тыс., што адпавядае колькасці насельніцтва каля 330 тыс. чал. Шчыльнасць насельніцтва ў Ж. (17,4 чал./км2) была адной з самых высокіх у ВКЛ. У 1655 Ж. была занята шведскімі войскамі і моцна пацярпела. Колькасць дымоў на 1667 скарацілася да 34 тыс. У 2-й пал. 18 ст. колькасць насельніцтва Ж. вярнулася да ўзроўню 1650.

Літ.: Halecki O. Litwa, Rus i Żmudź jako części składowe Wielkiego księstwa Litewskiego. Kraków, 1916; Lowmiański H. Geografia polityczna Bałtów w dobie plemiennej // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. T. 1. Poznań, 1985; Błaszczyk G. Żmudź w XVII i XVIII wieku. Zaludnienie i struktura społeczna. Poznań, 1985.