Путувер (2001)

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. – Мінск, 2001. С. 8.

Путувер (? - каля 1292), вял. кн. літоўскі, які ўпамінаецца храністам Тэўтонскага ордэна Пятром з Дусбурга ў 1291 як «літоўскі кароль» (Rex Lethoviae), які накіраваў свайго сына Віценя з вялікім войскам у набег на Польшчу. Гатычны шрыфт рукапіса Дусбурга дазваляе чытаць імя князя як Lutuwerus альбо, больш дакладна, Putuwerus. З гэтай адзінай звесткі вынікае, што Л. быў бацькам Віценя, яго папярэднікам на пасадзе вял. кн. літоўскага і родапачынальнікам дынастыі, пазней вядомай як Гедымінавічы. Іншыя надзейныя звесткі пра Л. у крыніцах адсутнічаюць, што правакавала даследчыкаў на розныя домыслы. Т. Нарбут звяртаў увагу на познія звесткі Хронікі Быхаўца пра паходжанне Віценя «з именя держачого в Жомойти речоного Эйрагола» і прыводзіў паданне пра Л. (ужываючы форму «Лютавор») як пра марскога пірата, заснавацеля Эйраголы, які пасля смерці Траняты ў 1264 нібыта атрымаў Полацкае княства. Пры гэтым Нарбут спасылаўся на «Раўданскі рукапіс» - польскамоўны тэкст, вядомы толькі яму, які, хутчэй за ўсё, быў прыдуманы самім Нарбутам ці кімсці з яго знаёмых. Ю. Пузына прыводзіў імя Л. у форме «Пукувер» і выказваў меркаванне, што яго можна атаясаміць з адным з літоўскіх князёў, упамянутых Іпацьеўскім летапісам у 1289 - Будзікідам ці, хутчэй, яго братам Будзівідам. Ю.Ахманьскі звяртаў увагу на рускую паэму канца 14 ст. «Задоншчына», у якой Гедымінавічы называлі сябе «праўнукамі Скаламендавымі», на падставе чаго меркаваў, што іх родапачынальніка (бацьку Л.) звалі Скаламендам.

Літ.: Narbutt T. Dzieje starożytne narodu Litewskiego. T. 4. S. 310-313; Puzyna J. Kim był i jak sie naprawdę nazywał Pukuwer ojciec Giedymina // Ateneum Wileńskie. T. 10. 1935. S. 1–43; Охманьский Е. Гедиминовичи - «правнуки Сколомендовы» // Польша и Русь. М., 1974. С. 358-364.