Дэмаграфія, заселенасць (2005)

Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.1. – Мінск, 2005. С. 55–57.

Утварэнне ВКЛ у 13–14 ст. адбывалася на фоне серыі глыбокіх дэмаграфічных крызісаў, якія закранулі ўсю Усходнюю Еўропу. Татарскае нашэсце ў 1239–42 і наступныя карныя паходы (на Беларусі і Літве асабліва моцным быў паход Бурундая 1258) не толькі прывялі да фізічнага вынішчэння мноства людзей, але прынеслі з Цэнтр. Азіі новыя эпідэмічныя захворванні. Іх вынікам было таксама разбурэнне паліт. і гандл. сістэмы Кіеўскай Русі, што адкрыла шлях да росту лакальных канфліктаў, абмежавала магчымасці падвозу харчавання ў выпадку неўраджаяў і ўскладніла процідзеянне рабаўнічым набегам літоўцаў. Шчыльнасць насельніцтва мусіла істотна паменшыцца ў параўнанні з пачаткам 13 ст., калі яе вельмі прыблізна можна ацаніць у 4–6 чал./км2. Тэрыторыі, напасрэдна сумежныя з Залатой Ардой, абязлюдзелі практычна цалкам.

Стварэнне новай устойлівай сістэмы ў межах ВКЛ расцягнулася да сярэдзіны 14 ст. і супала са з’яўленнем новай інфекцыі – лёгачнай чумы, якая таксама трапіла ў Еўропу з Азіі праз тэрыторыю Арды. У Зах. Еўропе чума скараціла насельніцтва прыблізна напалову. Падставы для колькасных ацэнак ва Усх. Еўропе адсутнічаюць, але якасную ацэнку дае Ніканаўскі летапіс пад 1364: «И бысть скорбь великая по всей земле, и опусте вся земля и поросте лесом, и бысть пустыни всюду непроходимые». У наступныя дзесяцігоддзі ўспышкі эпідэміі неаднаразова паўтараліся. Праявы дэмаграфічнага крызісу адчуваліся на працягу ўсяго 15 ст., аб чым сведчаць пісьмовыя і археалагічныя звесткі (слабая выражанасць культурнага слоя амаль ва ўсіх гарадах, малыя колькасць і памеры сельскіх паселішчаў). На тэрыторыі Беларусі і Літвы шчыльнасць насельніцтва ў канцы 14 ст. можна ацаніць каля 2 чал./км2, ва ўкр. уладаннях ВКЛ яна была ніжэй за 1 чал./км2 і зыходзіла амаль да нуля ў стэпах паўн. Прычарнамор’я, якія атрымалі назву “Дзікае поле”. Агульную колькасць насельнітва ВКЛ у межах 1385 можна вызначыць меней за 1 млн. чал., з іх на тэр. Беларусі жылі каля 400 тыс., на тэр. Літвы – ад 100 да 200 тыс. Да пачатку 16 ст. насельніцтва Беларусі, магчыма, дасягнула 700–800 тыс. чал.

На працягу 16 – 1-й пал. 17 ст. у цэлым адбываўся ўстойлівы рост насельніцтва, які запавольваўся ў час войнаў. Для гэтага перыяду ёсць шэраг крыніц, якія прама ці ўскосна дазваляюць вызначыць колькасць двароў (дымоў) на пэўных тэрыторыях: пісцовыя кнігі Полацкай зямлі (1552), Клецкага княства (1552–55), Пінскага староства (1552–55 і 1561–66), інвентары Мазырскай (1552), Гомельскай, Свіслацкай і часткі Магілёўскай (1560) валасцей, Берасцейскай эканоміі (1566) і шэрагу інш. буйных маёнткаў, а таксама попісы войска ВКЛ 1528 і 1567, у якіх ускосна адлюстравана колькасць службаў у шляхецкіх маёнтках на большасці тэр. ВКЛ. Перавод гэтых лічбаў у непасрэдную колькасць насельніцтва патрабуе шэрагу дапушчэнняў, таму ўсе разлікі на іх падставе застаюцца гіпатэтычнымі. Адну з праблем уяўляе сярэдняя населенасць двара. Паводле выбаркі інвентароў 2-й пал. 16 – 1-й пал. 17 ст., прааналізаванай З. і Б. Капыскімі, у 5663 сялянскіх дварах налічвалася 6969 малых сямей, што дае 1,2 шлюбнай пары на двор і блізка адпавядае адначасовым звесткам пісцовых кніг Вялікага Ноўгарада (1,3 шлюбнай пары). Пры такой структуры ў адным двары мусіла быць 5,5–6 чал. Паводле рэестра сярэбшчызны за 1553, шэраг уладанняў Віленскага біскупства ў Менскім павеце, плошчай па 50–100 км2 кожнае, мелі прыблізна па столькі ж двароў, што азначае шчыльнасць да 6 чал./км2. У палітыч. цэнтры дзяржавы (Віленскі, Ашменскі і прылеглыя да іх часткі сумежных паветаў) шчыльнасць насельніцтва мусіла быць вышэйшай – да 10 чал./км2. Бліжэй да перыферыі яна паніжалася. Сельскае насельніцтва Полацкай зямлі (22 тыс. км2) у 1552 налічвала звыш 7,6 тыс. двароў, гарадское – звыш 1,7 тыс. двароў, што дае разам 52–56 тыс. чал., альбо каля 2,5 чал./км2. Пры гэтым большасць жыхароў канцантравалася ў паўднёвай частцы зямлі, на левабярэжжы Дзвіны, шчыльнасць там была каля 5 чал./км2, а ў Задзвінні – каля 1 чал./км2. У Мазырскай воласці (3,5 тыс. км2) у 1552 было каля 800 двароў, у горадзе – 267, што дае 6–6,4 тыс. чал. (1,7–1,8 чал./км2). Яшчэ радзей была заселена ўскраінная Гомельская воласць, у 1537 адваяваная ў Маскоўскай дзяржавы. У 1560 там на плошчы 4,5 тыс. км2 налічвалася 202 двара і крыху больш за 1 тыс. чал., што дае шчыльнасць меней за 1 чал. на 3 км2.

Ацэнкі на падставе попісаў 1528 і 1567 грунтуюцца на шэрагу гіпатэтычных параметраў: дакладнасці, з якой пэўная колькасць коннікаў адпавядала колькасці службаў падданых (у 1528 яна мусіла адпавядаць 8 службам, у 1567 – 10, але невядома, як абстаяла справа ў рэчаіснасці); суадносінаў паміж службамі і дварамі (ацэнкі вагаюцца ад 2 да 3 двароў на 1 службу); уліку колькасці двароў у гарадах, а таксама ў дзяржаўных і царкоўных маёнтках, з якіх коннікі ў войска не выстаўляліся (у 1567 на тэр. Беларусі такія маёнткі займалі каля 1/3 агульнай плошчы, але цягацелі да ўскраінаў дзяржавы, таму доля іх насельніцтва магла быць меншай); нарэшце, у кожным попісе адсутнічаюць звесткі па некаторых паветах (у 1528 – па Аршанскаму, Кіеўскаму, Мазырскаму, Рэчыцкаму і Падоллю, у 1567 – па большасці Аршанскага і Рэчыцкага, цалкам па Віцебскаму, Кіеўскаму, Полацкаму паветах, Падоллю). Усе гэта робіць высновы вельмі хісткімі, але можна прыняць, што ў 1528 насельніцтва ВКЛ складала крыху больш за 2 млн. чал., з іх на тэр. Беларусі – каля 1 млн. (пры сярэдняй шчыльнасці 4,3 чал./км2), Літвы – 550 тыс. (9,4 чал./км2), на Падляшшы – 160 тыс. (14,1 чал./км2), на Украіне – 220 тыс. (1,6 чал./км2). Пры гэтым колькасць шляхты (разам з сем’ямі) складала прыблізна 50 тыс. чал., гар. насельніцтва – 200–250 тыс.

Да 1567 насельніцтва ВКЛ узрасло прыкладна да 3 млн. чал., пры гэтым на Беларусі, асабліва на ўскраінах, прырост мог быць больш інтэнсіўным, чым у Літве. На тэр., што засталася ў складзе ВКЛ пасля Люблінскай уніі, колькасць насельніцтва на 1569 можна ацаніць у 2,6 млн., з іх каля 1,8 млн. чал. на Беларусі і 0,8 млн. чал. – у Літве.

Перыяд дэмаграфічнага росту працягваўся да сярэдзіны 17 ст., але больш нізкімі тэмпамі, бо шчыльнасць насельніцтва ў Літве і паўн.-зах. Беларусі наблізілася да максімуму, які забяспечваўся тагачасным ўзроўнем гаспадаркі – 16–20 чал./км2. Дэмаграфічныя разлікі на 1650 г. прапанаваў польскі даследчык Ю. Можы, абапіраючыся на зводную статыстыку тарыфаў падымнага падатку. Пры гэтым ён завысіў населенасць 1 дыма, прымаючы яе роўнай 8 чал. Масавы аналіз інвентароў сведчыць, што ў 2-й пал. 17 і ў 18 ст. на двор прыходзілася ў сярэднім 1,5 шлюбнай пары, альбо 6,5–7 чал. Такая папраўка да разлікаў Ю. Можы дае лічбу насельніцтва ВКЛ на 1650 (без Інфлянтаў, Смаленскага і Старадубскага пав.) каля 3,1 млн., з іх у Літве – каля 920–950 тыс., у пераважна бел. паветах – 2,1 млн. (плошча гэтых паветаў складала 245 тыс. км2, апрача Беларусі яны ахоплівалі 4,7 тыс. км2 тэрыторыі сучаснай Літвы і 33 тыс. км2 Расіі, Украіны і Польшчы). Шчыльнасць насельніцтва ў Літве была каля 16 чал./км2, у сярэднім па Беларусі – звыш 8,5 чал./км2, пры гэтым яна змянялася ад 17 чал./км2 у Берасцейскім і Ваўкавыскім пав. да 2,8 чал./км2 у Мазырскім і 1 чал./км2 – у Рэчыцкім (гэтыя паветы пацярпелі пад час казацкіх нападаў у 1648–49).

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–67 выклікала сапраўдную дэмаграфічную катастрофу. Трывалае насельніцтва ВКЛ скарацілася ў 1667 да 1,7 млн. чал., у некаторых паветах – у 2–3 разы. У пераважна бел. паветах засталося крыху больш за 1,1 млн. чал. Праўда, не ўлічанымі застаюцца бадзягі і жабракі, колькасць якіх у пасляваенныя гады, магчыма, вымяралася дзясяткамі і нават сотнямі тысяч. Наступнае паўстагоддзе было часам, калі колькасць насельніцтва моцна вагалася. Яна павольна аднаўлялася да ўзроўню 2,5 млн. чал. (на Беларусі – 1,9 млн. чал.) у 1690, а да канца 17 ст. – прыблізна да 2,8 млн. чал., але ў час Паўночнай вайны 1700–21 была зноў адкінута да ўзроўню 1660-х – 2 млн. чал., з іх на Беларусі – 1,5 млн. чал.

Новы перыяд трывалага дэмаграфічнага ўздыму распачаўся ў 1730-я г. і працягваўся да канца існавання ВКЛ. Дэмаграфічныя параметры 2-й пал 18 ст. можна высветліць з дапамогай метрычных кніг і тарыфаў падымнага. Нараджальнасць у гэты час вагалася на ўзроўні 55–60 праміле, смяротнасць – ад 45 да 50 праміле, што забяспечвала штогадовы прырост ад 1 да 1,5%. Колькасць насельніцтва дасягнула ўзроўню сярэдзіны 17 ст. у канцы 1760-х г., але на гэты раз у Літве было каля 740 тыс. чал., у пераважна бел. паветах – каля 2,4 млн. чал. У 1772 да Расіі адышла тэрыторыя плошчай каля 73 тыс. км2 з насельніцтвам 1,1 млн. чал. (без уліку Інфлянтаў). Плошча ВКЛ скарацілася да 229 тыс. км2, з іх у пераважна бел. паветах – 171 тыс. км2. Яго насельніцтва складала ў 1772 каля 2,1 млн. чал., у беларускай частцы – 1,4 млн. чал. Напярэдадні 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1792 у ВКЛ налічвалася 3,3 млн. чал., у тым ліку ў пераважна бел. паветах – 2,35 млн. чал. Гар. насельніцтва складала 275 тыс. чал., альбо 11,7% жыхароў бел. паветаў. Шчыльнасць насельніцтва найбольшай была ў застаўшайся частцы Полацкага пав., у Берасцейскім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім і Лідскім паветах – на ўзроўні 19–20 чал./км2. УАшменскім пав. яна дасягала 17, у Браслаўскім, Новагародскім, Слонімскім і пазасталай частцы Аршанскага – 13–14, у Менскім, Пінскім і пазасталай частцы Рэчыцкага – 9–11, у Мазырскім – меней 5, у Літве – каля 16 чал./км2. На тэрыторыі, што належала Расіі, было ў той час 1,37 млн. чал., у тым ліку ў гарадах – 130 тыс. чал., ці 9,5%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва там была каля 19 чал./км2, а па ўсёй Беларусі – 15,3 чал./км2.

Літ.: Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965; Карпачев А. М., Козловский П. Г. Динамика численности населения Белоруссии во второй половине XVII–XVIII вв. // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1968 г. Л., 1972; Капыскі З, Капыскі Б. Беларуская вёска і яе насельніцтва ў канцы XVI – першай палове XVII  стст. Вопыт дэмаграфічнай характарыстыкі // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 2; Łovmiański H. Zaludnienie państva Litevskiego w wieku XVI (1528). Poznań, 1998.