Літва (2006)

Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.2. – Мінск: БелЭН, 2006. С. 202-206.

Літва ў сярэдзіне XIII ст. (карта)

Літва, этнічны і палітычны тэрмін, які ўжываўся ў гіст. крыніцах у некалькіх розных сэнсах. Упершыню зафіксаваны пад 1009 г. у хроніцы «Кведлінбургскія аналы» (Annales Quedlinburgenses) у сувязі са смерцю каталіцкага прапаведніка Св. Бруна ў памежжы Русі і Л. (Lituae). Можна меркаваць, што зыходнай формай назвы была Litová з націскам на апошнім складзе, а ў вытворных ад яго прыметніках націск змяшчаўся на другі склад, адкуль стражытнарус. «литовскый», лацін. «Litoviensis» і да т.п. Варыянт назвы «Літовія» (Lithovia, Lettowia ў лацінска- і нямецкамоўных крыніцах) ўтварыўся хутчэй за ўсё ў выніку другаснай трансфармацыі прыметніка ў назоўнік пісарамі, для якіх літоўская мова не была роднай. Відавочна, зыходная форма «Літава» ўтварылася па тых жа прынцыпах, што і заходнебалцкія Надрав? (Надровія), Карсав? (Карсовія), Судава, Дайнава. Падобная форма зафіксавана і ва ўсходнелітоўскім арэале – Дзевалтва. Паходжанне тэрміна не высветлена, ніводная са шматлікій версій не атрымала агульнага прызнання. Корань літ- (з варыянтамі лет-/лют-) дапускае розныя этымалогіі як у балцкіх і славянскіх, так і ў інш. індаеўрапейскіх мовах. Сугучныя тапонімы вядомы з 12–13 ст. на тэрыторыі Славакіі (Lytwa), Румыніі (Litua). Адна з версій звязвае тэрмін Л. з назвай рэчкі Латава, доплыва р. Швянтойі (у Анікшчайскім р-не суч. Літоўскай рэспублікі). Фармулёўка граматы Міндоўга, выдадзенай адразу пасля яго каранацыі ў 1253 («дадзена ў Летовіі ў нашым двары») дазваляе некат. аўтарам меркаваць, што існавала аднайменнае паселішча, у якім нібыта змяшчалася адна з яго рэзідэнцый, пазней – двор літоўскага біскупа. Яго звязваюць з гарадзішчам на той жа рэчцы Латава, дзе ў канцы 14 ст. прыгадваліся рэшткі замка Летаў (Lettow), ці з вёскай Літоўка каля Навагрудка. Але гэтыя меркаванні не маюць трывалай факталагічнай падставы.

Л. двойчы прыгадваецца ва ўводнай частцы «Аповесці мінулых гадоў»: сярод еўрапейскіх народаў «Афетавай часткі» і сярод «иних языцев», якія даюць даніну Русі. Апошняя згадка сведчыць аб неславянскай моўнай прыналежнасці Л. Больш познія паведамленні дазваляюць вызначыць гэтую прыналежнасць як балцкую. Тое, што мова Л. была амаль тоесная жамойцкай («адна і тая ж мова і адны і тыя ж людзі»), сцвярджаецца ў лісце Вітаўта да імператара Сігізмунда (1420). У 2-й пал. 15 ст. Ян Длугаш пісаў, што «літоўцы, самагіты (жамойты) і яцьвінгі (яцвягі), хаця і мелі розныя найменні і падзяляліся на мноства родаў, утваралі тым не менш агульнае цэлае». Ён жа адзначаў аднолькавыя рысы ў мове літоўцаў і жамойтаў, якія прыпісваў іх лацінскаму паходжанню. Гэтая думка разгорнута ў трактаце Міхалона Літвіна (1550), у якім прыведзены 74 словы, якія на думку аўтара гучаць у літоўскай (Lituano) мове гэтак жа, як і ў лацінскай. Усе яны маюць індаеўрапейскае паходжанне, прытым ёсць такія, што захавалі сугучнасць у лацінскай і балцкіх мовах, але адрозніваюцца ад адпаведных славянскіх слоў: deus (бог, суч. літ. dievas), vir (чалавек, vyras), gentes (людзі, gentys), dentes (зубы, dantys), rota (кола, ratas), cur (чаму, kur), primus (першы, pirmas) і інш. Папскі нунцый Дж. Руджэра, паведамляючы ў 1568 пра адметнасць літоўскай мовы (lingua lituana) ад польскай і нямецкай, адзначыў, што «на Жамойці ўжываецца ў гутарцы тая самая мова, аднак даволі адрозная ад літоўскай, якая ў іншы спосаб адрозніваецца і адначасна супольная для некаторых вёсак Прусіі».

У ваенна-палітычных падзеях Л. прыгадваецца ў сувязі з паходам на яе Яраслава Мудрага, які ў «Аповесці мінулых часоў» датаваны 1040, у Наўгародскім І летапісе – 1044. Магчыма, менавіта ў той час Л. трапіла ў данніцкую залежнасць ад Русі, якую прыгадвае і Длугаш. Наступны паход на Л. здзейсніў у 1130/1131 кіеўскі кн. Мсціслаў Вялікі. Пад 1159 (1162) Іпацьеўскі летапіс паведамляе, што прадстаўнік менскай княжацкай галіны Валадар «ходяше под Литвою в лесех». Гэтую згадку даследчыкі інтэрпрэтуюць па рознаму: Валадар альбо нёс ахову на мяжы з Л.; альбо хаваўся там, каб ухіліцца ад прысягі полацкаму кн. Рагвалоду; некаторыя літоўскія даследчыкі трактуюць выраз «под Литвою» як сведчанне палітычнай залежнасці Валадара ад Л. Колькасць згадак пра Л. рэзка ўзрастае з 1180-х. Войска з Л. альбо ходзіць па запрашэнні полацкіх князёў на іх праціўнікаў (у 1180 на Друцк і ў 1196 на Вялікія Лукі), альбо здзяйсняе самастойныя рабаўніцкія напады. Першы такі набег (на Пскоўскае княства) адбыўся ў 1183. У «Слове пра паход Ігараў» прыгадваецца пра гібель у бітве з літоўцамі каля 1185 кн. Ізяслава (з полацкага роду Усяславічаў). У «Хроніцы Лівоніі» сцвярджаецца, што літоўскія (Lethones) набегі на Лівонію распачаліся да прыбыцця туды епіскапа Мейнарда (да 1184) і працягваліся няспынна на працягу наступных 40 гадоў. Пра крыўды хрысціянам ад «вельмі магутнай Л.» згадвалася пад час візіту ў Рым ахрышчанай знаці ліваў (1188). Кіеўскі кн. Рурык у 1190 і 1193 збіраўся ў паход на Л., але гэты намер так і не быў здзейснены. У 1200 Л. зрабіла набег на паўд. воласці Наўгародскай зямлі, прыблізна ў гэты ж час адбыўся першы набег на Польшчу. У 1201 літоўцы заключылі мір з рыжскім біскупам і здзейснілі набег на Земгалію, тады ж «Хроніка Лівоніі» паведамляе пра паход полацкага кн. Уладзіміра на Л. Каля 1203 пачынаецца супрацоўніцтва з Л. Усевалада, кн. Герцыке, які ажаніўся з дачкой літоўскага кн. Даўгерда і спрыяў набегам Л. на Русь, Лівонію і землі эстаў. Уладар інш. рускага княства ў Латыголі Вячка з Кукенойса ў 1205 шукаў падтрымкі рыжскага біскупа супраць Л., а ў 1212 з такой жа прапановай звярнуўся полацкі кн. Уладзімір. Войска Л. звычайна перапраўлялася на правы бераг Дзвіны ля Леневарды ці Кукенойса. У 1207 рыжскі біскуп арганізаваў паход у зямлю селаў на левабярэжжы Дзвіны, якая была пад кантролем Л. Каля 1208 адбыўся першы напад Л. на Валынь. У 1210 адзначаны набегі на Кукенойс і Наўгародскую зямлю, у 1213 – на Пскоў. Уладзімір Полацкі ў 1216 заключыў саюз з Л. супраць Рыгі, але хутка памёр, пасля чаго саюз, напэўна, распаўся. У наступныя гады Л. нападае на Наўгародскую зямлю (1217), Пскоў (1218), дзейнічае ў саюзе з Ордэнам мечаносцаў супраць Ноўгарада (1219). Тады ж быў заключаны Дагавор 1219 паміж Л. і Галіцка-Валынскім княствам, пасля якога літоўскае войска прайшло праз валынскую тэрыторыю на Польшчу. Затым Л. ваявала на баку Пскова (1221) і Ноўгарада (1222) супраць Ордэна мечаносцаў, зрабіла напад на Таропец (1223), зноў ваявала з Ноўгарадам (1224). Летапісы адзначаюць асабліва буйны памер набега 1225 на наўгародскія, смаленскія воласці, Таропецкае і Полацкае княствы: «бе бо рать велика ака же не была от начала миру». Набегі на Лівонію часова прыпыніліся з 1225 пад уражаннем ад канчатковага скарэння і хрышчэння эстаў. У 1229 адбыліся напады на наўгародскія воласці ў вярхоўях Волгі і на Берасце, належачае Галіцка-Валынскаму княству, у 1234 – на Русу (суч. Старая Руса). Арганізаваны ў 1236 Ордэнам мечаносцаў пры ўдзеле крыжаносцаў з Заходняй Еўропы і пскавічан вялікі паход на Л. скончыўся паражэннем пры Саўле.

У дагаворы 1219 упершынню прыводзяцца звесткі, якія дазваляюць удакладніць месцазнаходжанне і ўнутраную структуру Л.: у яе склад уваходзілі Жамойць, Дзевалтва і не менш 2 інш. лакальных земляў, узначаленых мясцовымі дынастыямі (іх назвы ў дагаворы адсутнічаюць). Традыцыя, адлюстравная ў беларуска-літоўскіх летапісах, лічыла цэнтрам Дзевалтвы г. Вількамір (суч. Укмерге). Недалёка ад яго вядома старажытнае паселішча Дзявілтоў, якое, магчыма, і дало назву Дзевалтоўскай зямлі. Разам з тым у «Хроніцы Лівоніі» пры апісанні паддзей 1210-х – 1220-х не згадваюцца ні Жамойць, ні Дзевалтва, якія павінны былі непасрэдна межаваць з Лівоніяй, а толькі Л. (Lethonia). Пры апісанні межаў новаўтворанага Курляндскага біскупства ў 1237 таксама адзначалася, што паміж Мемелем (суч. Клайпеда) і Земгаліяй, у парэччы Венты, яно мяжуе з Л. (Letoviam). Уладанні Прускага біскупства ў 1243 таксама сутыкалася на ўсходзе з літоўскімі (Letuinorum) межамі. Відавочна, пад Л. у такім сэнсе разумелася тэрыторыя шэрагу паўсамастойных княстваў, на якія распаўсюджваўся палітычны ўплыў дынастыі «старшых князёў». Да гэтай дынастыі належаў Міндоўг, які да канца 1230-х дасягнуў першынства над інш. князямі (у падзеях 1238 Іпацьеўскі летапіс згадвае «Литву Минъдога»). Пасля ўтварэння ў сяр. 1240-х Вялікага княства Літоўскага, у склад якога ўвайшлі тэрыторыі этнічнай Л. і рускіх княстваў Верхняга Панямоння, назва Л. ахоплівае ўсе тэрыторыі, падпарадкаваныя ўладзе Міндоўга. Прыняцце Міндоўгам каталіцкага хрышчэння ў 1251 г. выклікала з’яўленне шэрагу папскіх пасланняў, у якіх прыгадваецца «кароль Л.» (regi Lithowiae, rex Lethoviae), «каралеўства Л.» (regnum Luthawiae), прычым у 1255 папа пацвердзіў Міндоўгу права валодаць землямі, адваяванымі ў «каралеўства Русі» – напэўна, Галіцка-Валынскага княства.

Крыніцы дазваляюць акрэсліць абшар, падуладны Л. у сярэдзіне 13 ст. Іпацьеўскі летапіс пры апісанні падзей 1248 згадвае пад уладай Міндоўга Новагародак, Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, а ў 1252 – таксама Гародна, і прыгадвае паход галіцкага князя Данілы «на Литву на Новгородок», які адбыўся, напэўна, у канцы 1252. У дарчай грамаце 1253 Міндоўг саступіў Лівонскаму ордэну шэраг валасцей у Жамойці, землі Надровію і Карсовію на ніжним Нёмане (у Карсовіі ў 1259 быў пабудаваны крыжацкі замак Георгенбург – Юрбарк). Апрача іх, Міндоўг у 1253–57 кантраляваў (прынамсі, часткова) населеную прусамі Скалву, яцвяжскую Дайнаву і мясцовасці, якія з большай ці меншай упэўненасцю лакалізуюцца на левабярэжжы Нёмана: Вяйсея, Вейжы, Крэсмен і інш. У дакуменце рыжскага біскупа ў 1254 прыгадваюцца таксама належачыя Л. землі Упіта і Саўле, сумежныя з Земгаліяй. У грамаце 1255 і пацвярджальнай папскай буле 1257 фігуруюць саступленыя Міндоўгам Лівонскаму ордэну мясцовасці ў зямлі селаў, на Пд. ад Дзвіны: Мядэна, Малейшы, Таўрогі і інш. На захадзе ўлада Л. у 1250-я не распаўсюджвалася на захопленыя крыжакамі куршскія воласці Пілсата (у ёй быў заснаваны ордэнскі замак Мемель), Мягове (з замкамі Паланга і Крэтынга), зямлю Цэкліс.

Аўтар «Апісання земляў», які прымаў удзел у каранацыі Міндоўга, згадваў у адным шэрагу з Л. (Lectaui) асобныя землі Ятвезь (Ietuesi), Нальшчаны (Nalsani) і Жамойць (Samoita), адзначаючы асаблівую ўпартасць апошняй у захаванні язычніцтва. «Ліфляндская рыфмаваная хроніка», паведамляючы пра падзеі часоў Міндоўга, ужывае назвы Л., «літоўцы» (Lettowen) як у шырокім сэнсе, так і ў вузкім, неаднаразова адасабляючы яе ад Жамойці (Sameiten) і аднойчы – ад Нальшчан (Nalsen). Праз апошнюю ішоў паход лівонскага ландмайстра на ўласна Л. у 1250. У Іпацьеўскім летапісе таксама сустракаецца такое адрозненне: у 1258 татары пры руху з поўдня паслядоўна «воеваша земли Литовьскую и Нальшчаньскую», а ў 1264 з бацькоўскай Л. рушыў на скарэнне мяцежных Нальшчан і Дзевалтвы сын Міндоўга Войшалк. Верагодна, «Літоўская зямля» ў вузкім сэнсе ахоплівала тэрыторыю, якая з часоў дагавора 1219 непасрэдна належала «старшым князям». Міндоўг стаў яе аднаасобным уладаром каля 1248, гвалтоўна далучыўшы вотчыну сваіх пляменнікаў («поимана бе вся земля Литовьская»). Гэта не тычылася Нальшчанскай зямлі, валадаром якой у грамаце Міндоўга 1260 названы Гердзень (Gerdine de Naise). У той жа грамаце згаданы Парбусе з Неры (de Nere). Гэтая Нера, магчыма, была іншым варыянтам назвы Дзевалтвы (невядомай лівонскім крыніцам) і паходзіла ад літоўскай назвы р. Віліі – Нярыс. Пасля паходу Войшалка 1264 Нальшчаны, Дзевалтва і, магчыма, Упіта таксама трапілі пад непасрэдны кантроль вялікага князя і, у адрозненне ад Жамойці, страцілі палітычную адметнасць. З канца 13 ст. яны альбо разглядаліся проста як часткі Л., альбо паглыналіся абагульняючым тэрмінам Аўкштайція. Супрацьпастаўленне Жамойці і Аўкштайціі як дзвюх частак уладанняў «літоўскага караля» упершыню ўжыта Пятром з Дусбурга пры апісанні падзей 1294–1300, а затым у дагаворы вял. кн. Гедыміна з Рыжскім магістратам (1323).

Удакладніць тэрыторыю Л. дапамагаюць даныя археалогіі, хоць іх інтэрпрэтацыя з’яўляецца небясспрэчнай. Агульнапрызнана балцкая прынадлежнасць як грунтовых пахаванняў на З. і ў цэнтры Літоўскай Рэспублікі, так і ўсходнелітоўскіх курганоў 12–13 ст. У іх прасочваецца шэраг агульных рыс, у тым ліку рытуальнае пахаванне коней разам з нябожчыкам ці яго попелам. Абрад гэты быў тыповым для літоўцаў да часу іх хрышчэння – паводле яго, як паведамляюць Герман з Вартберга і Ян Длугаш, быў пахаваны вял. кн. Альгерд (1377). Пры тым складовыя часткі Л. мелі істотна розныя пахавальныя звычаі і іншыя адметнасці, якія тлумачацца розніцай у этнічных працэсах папярэдніх часоў. Тэрыторыя Жамойці і Упіты ў цэлым супадае з арэалам грунтовых могільнікаў. Пры гэтым Жамойці адпавядае раён могільнікаў з трупапакладаннем на Жамойцкім ўзвышшы (воласці Крожэ, Лаўкаў, Кулена і інш., вядомыя з граматы Міндоўга 1253), Саўле ўтварала яе паўн.-усх. ускраіну, а Упіта займала паўн. частку могільнікаў з трупаспаленнем, пашыраных на абшарах Сярэднелітоўскай нізіны, у парэччы Нявежы. Паўд. частка могільнікаў з трупаспаленнем (воласці Расіены, Эйрагола і Бетыгола, згаданыя ў той жа грамаце) у больш познія часы таксама адносіліся да Жамойці. Фанетычныя асаблівасці выданняў, якія друкаваліся на літоўскай мове ў 16–18 ст. ураджэнцамі пэўных тэрыторый, дазваляюць сцвярджаць, што дыялект Жамойцага ўзвышша набліжаўся да мовы паўд. куршаў, а дыялект парэчча Нявежы інтэрпратаваўся як «жамойцкая мова» (выданне на ім каталіцкага Катэхізіса М. Даўкшы ў канцы 16 ст. выклікала нараканні менавіта з гэтай нагоды). Тэрыторыі Нальшчан і Дзевалтвы адпавядае паўн. (завілейская) частка арэалу ўсходнелітоўских курганоў (Аўкштайцкае і Свянцянскае ўзвышшы). Найбольш спрэчнай застаецца лакалізацыя «Літоўскай зямлі» ў вузкім сэнсе. Паводле найбольш пашыранай версіі, яна ахоплівала паўд. частку таго ж арэалу (Дзукскае ўзвышша і большасць Ашмянскай грады, прыкладна ў межах чатырохкутніка Коўна – возера Свір – Ліда – Мерач). У канцы 13 – пач. 14 ст. палітычныя цэнтры Л. (Кярнаве, Вільня, Трокі) знаходзіліся ў арэале ўсходнелітоўскіх курганоў. Балцкая гутарка Аўкштайцкага ўзвышша лічылася «літоўскай мовай», менавіта на ёй быў адмыслова перавыдадзены ў 1605 Катэхізіс. Э. Гудавічус адзначыў існаванне з гэтым арэале тапонімаў, якія перагукаюцца з імёнамі прадстаўнікоў «старшай» дынастыі: Таўцівіла (Таўтвілтава), Едзівіда (Гядвіды), сына Міндоўга Руклі (у шэрагу двухчастковых тапонімаў). Але гэта не можа быць рашаючым аргументам пры лакалізацыі «Літоўскай зямлі», бо невядомы час узнікнення гэтых паселішчаў, а сувязь іх з азначанымі асобамі недаказальная. Паводле інш. версіі, «Літоўская зямля» знаходзілася ў ваколіцах Коўна, паміж Нёманам і нізоўямі Віліі. Арэал каменных магіл на Пд. Літоўскай Рэспублікі, прылеглых частках Польшчы і Гродненскай вобл., звычайна атаясамліваюць з яцвяжскімі землямі, у тым ліку з Дайнавой. Але выказваліся меркаванні, што частку арэала каменных магіл на правабярэжжы Нёмана трэба звязваць з «Літоўскай зямлёй» у вузкім сэнсе, якая ў такім выпадку мела заходнебалцкія карані. Нальшчаны, Дзевалтва і Нера займалі ў такім выпадку ўвесь арэал усходнелітоўскіх курганаў. Прыняцце такой гіпотэзы стварае складанасці з лакалізацыяй Дайнавы, але пытанне нельга лічыць канчаткова вырашаным. Згадка ў Іпацьеўскім летапісе аб тым, што Войшалк заснаваў манастыр «на реце на Немне межи Литвою и Новымъгородъкомъ» сведчыць, што Л. знаходзілася непасрэдна на Пн. ад Нёмана. Між тым у Іўеўскім р-не, насупраць Лаўрышава манастыра (які найбольш верагодна атаясамліваецца з манастыром Войшалка), вядомы менавіта каменныя магілы (ля в. Куправічы).

У цэлым для супрацьпастаўлення розных частак Л. (асабліва Жамойці, Аўкштайціі і Ятвязі) меліся як палітычныя, так і этнаграфічныя падставы. Палітычныя фактары, аднак, пераважалі, бо зямля Упіта, этнаграфічна больш роднасная Жамойці, у далейшым увайшла ў склад Л.-Аўкштайціі, а населеныя куршамі Мягове, Пілсата і Цэкліс – у склад Жамойці (у 1413 французскі падарожнік Гільбер дэ Лянуа зафіксаваў, што гэтыя мясціны завуцца «Літоўскім берагам» і адносяцца да «Жамойцкай краіны»). Арэал каменных магіл часткова зліўся з Аўкштайціяй, а ва ўсх. частцы яго (як і ў частцы арэалу ўсходнелітоўскіх курганоў) адбывалася цераспалоснае рассяленне балцкага і славянскага насельніцтва. У выніку асіміляцыйных працэсаў (т.зв. балта-славянскага сінтэзу) яны ўвайшлі ў склад этнічнай тэрыторыі беларусаў. Вельмі прыблізна можна сцвярджаць, што нашчадкі жыхароў гэтай часткі Л. забяспечылі да 10–15% беларускага генафонду.

У 14–16 ст. назва Л. мела сэнс палітоніма – ужывалася для абазначэння ўсёй дзяржавы, падуладнай пануючай дынастыі Гедымінавічаў. Арэал яго бытавання ў гэтым сэнсе супадаў з дзярж. межамі і мяняўся адпаведна іх зменам (гл. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел), безадносна ад этнічнага складу. Такое значэнне надавалі і замежныя аўтары. Так, у 1430-я рымскі легат Э. С. Пікаляміні (будучы папа Пій ІІ) апсіваў Л. (Lituania) як краіну, што мяжуе з Польшчай ад У., прытым «мова народу славянская». Адначасова ён прыгадаў, што частка Л. яшчэ нядаўна вызнавала язычніцтва, хаця асаблівасці тамашняй мовы не адзначыў.

Паралельна існаваў рэгіянальны сэнс назвы Л. (т.зв. харонім), які адрозніваў яе ад Жамойці і ад рускіх княстваў, далучаных у 14 ст. (за імі захавалася назва «Русь»). Тытулатуры «дзедзіч Л. і Русі», «Вялікае княства Літоўскае і Рускае» і да т.п. дакументальна зафіксаваны ў 1320-я, хаця ўзніклі, магчыма, раней. У прывілеі Ягайлы яго брату Скіргайлу ў 1387 асобна выступаюць «Литовская земля» з Троцкім княствам (да яго аднесены мясцовасці на Пд. суч. Літоўскай Рэспублікі) і «руская сторона Литовскога князения» з Менскам, Лагожаскам, Ігуменам, Лебедзевам (суч. Маладзечненскі р-н) і шэрагам мясцовасцяў у Падняпроўі. У беларуска-літоўскіх летапісах канфлікт паміж Жыгімонтамі і Свідрыгайлам у 1432-1437 трактуецца як процістаянне Л. і Русі: «Литва жь посадиша великаго князя Жидимонта Кестутевича на великое княженье на Вилни и на Троцех. И ... посадиша князя Швитрогаила на великое княженье Руское. ... Князь великии Швитригаило собра силу многу рускую и поиде на Литву, и повоеваша Литовьскои земли множество». Адрозненне Л. ад Жамойці замацавалася ў афіцыйным ужытку пасля адваявання Жамойці ў Тэўтонскага ордэна ў 1413. У 1417 Витаўт ужыў трохчасткавую тытулатуру «вялікі князь Л., Жамойці, Русі і інш.» (Littwanie, Samathie et Rusie etc.). У 1440 сын Ягайлы Казімір тытулаваўся як «королевич всее Литовское земли и Жомойтское и многих Руских земель». Харонім Л., вядомы таксама ў формах «Литовское князство», часам нават «Великое Князство Литовское» (пры захванні супрацьпастаўлення з Жамойцю і Руссю), шырока бытаваў у абыдзённым ужытку 16 ст. У актавых кнігах Полацкага, Віцебскага, Берасцейскага ваяводстваў неаднаразова прыгадваецца Л. як вонкавая тэрыторыя: «з Литвы приехавши», «до Литвы еждывали» і г. д. У такім сэнсе яна ахоплівала, апрача ўласна літоўскай, частку этнічна беларускай тэрыторыі ў Панямонні. Да яе адносіліся, напр., Гародна, Ляхавічы, шэраг маёнткаў у суч. Баранавіцкім р-не (у 1566 маёнтак Серабрышчы ў Л. адрозніваецца ад «палескіх маёнткаў») і інш. У Попісе войска 1567 «літоўскія» маёнткі супрацьпастаўляюцца валынскім, падляшскім, жамойцкім: «з ыменей своихъ Жомоитскихъ ... а въ Литве съ повету Виленского з дворца Мойшакголского» і да т.п. Да Л. у такім вузким сэнсе залічаны мясцовасці ў Вількамірскім, Троцкім, Віленскім, Браслаўскім, на З. Менскага, у Новагародскім пав. Маёнтак Косава ў Слонімскім пав. (суч. Івацэвіцкі р-н) у 1570 аднесены да Л., а ў інш. крыніцы тэрыторыя суседняга Бярозаўскага р-на прыгадваецца як вонкавая, праз яе праходзілі дарогі «до Литвы». Паходжанне значэння Л. у якасці хароніма можна тлумачыць дваякім чынам. З аднаго боку, яно мела гістарычныя падставы: ахоплівала тэрыторыі, якія трывала ўваходзілі ў склад ВКЛ з моманту яго ўтварэння, у адрозненне ад інш. земляў, якія альбо былі далучаны пазней, альбо часова выходзілі з-пад улады літоўскіх князёў (Полаччына, Жамойць). Але не выключана, што Л. дадаткова асацыіравалася з тэрыторыяй дысперснага рассялення балтаў, хай сабе ў выглядзе невялікіх анклаваў. Аб наяўнасці такіх анклаваў (пазней цалкам асіміліраваных) сведчыць распаўсюджанне на З. і Пн.-З. Беларусі пахаванняў з каменнымі абкладкамі і насціламі, а таксама паселішчаў з несуменна балцкімі (Айнаравічы, Здзяцель, Зэльва) ці этнічна афарбаванымі назвамі (Літва, Літоўка, Дайнава, Жамойцкае), гістарычна зафіксаванымі ў 15–16 ст. Пра існаванне этнічных літоўцаў на гэтых абшарах сведчыць і просьба віленскага біскупа В. Табара ў 1501 накіраваць святароў, якія валодаюць літоўскай мовай, у 28 парафій, сярод якіх Ліда, Беліца, Слонім, Краснае Сяло, Валожын, Маладзечна, Радашковічы, Койданава. Адначасова ў Троцкім, Віленскім паветах (у меншай ступені – Вількамірскім) крыніцы фіксуюць значную долю рускага насельніцтва. У такім выпадку Л. прыблізна адпавядае тэрыторыі, на якой адбываўся балта-славянскі сінтэз.

Рэгіянальны сэнс назвы (разам з палітычным і этнічным) захоўваўся і ў 17–18 ст. У скарзе праваслаўнай шляхты на Варшаўскім сейме 1623 у адным шэрагу з Палессем, Панізоўем, Белай Руссю і інш. рэгіёнамі пералічана Л., а да гарадоў з рускім насельніцтвам у Л. аднесены Вільня, Менск, Новагародак, Гародна, Слонім, Брэст, Браслаў, Кобрын, Камянец. Цікавы прыклад суадносін Л. і ВКЛ дае выдадзеная ў Нясвіжы каля 1760 карта Літоўскай правінцыі ордэна францысканцаў. У легендзе да яе адзначана, што Л. (Litvania) падзяляецца на «ўласна Вялікае княства Літоўскае» (M[agnus] p[ro]prie D[ucatus] L[itvaniae]), Белую Русь і Жамойць, апрача якіх на карце паказана яшчэ і Палессе. Выкарыстанне назвы Л. ў якасці хароніма захавалася і ў часы Расійскай імперыі. Яно паўплывала на тое, што ўтвораная ў 1796 праз аб’яднанне Віленскага і Слонімскага намесніцтваў губерня атрымала назву Літоўскай. Традыцыйна «Літоўскімі» называліся затым Віленская і Гродненская губерні, на якія была падзелена ў 1801 Літоўская губерня. Паэт А. Міцкевіч у 1-й чв. 19 ст. лічыў свае родныя мясціны каля Навагрудка «Літвой», пра што неаднаразова ўзгадваў у сваёй творчасці.

Літ.: Łowmiański H. Geografia polityczna Bałtów w dobie plemiennej // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. I. Poznań, 1985; Ochmański J. Historia Litwy. Wrocław etc., 1990; Спиридонов М. Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в. // Наш Радавод. Гродна, 1996. Ч.7; Zinkevičius Z. Lietuvių kalbos istorija. Vilnius, 1988. T. 3: Senųjų raštų kalba.