Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. 1440–1470 гг. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах. Т.1. Мінск: Белкартаграфія. 2009. С. 70–71.

На карце “Беларускія землі ў складзе ВКЛ. 1440-я – 1470-я гг.” упершыню ў айчыннай картаграфіі пазначаны практычна ўсе населеныя пункты на тэрыторыі Беларусі, якія прыгадваюцца ў крыніцах азначанага часу і паддаюцца лакалізацыі.

Храналагічна карта адпавядае першым тром дзесяцігоддзям вельмі працяглага панавання Казіміра Ягелона – позняга сына Ягайлы, які быў абраны вялікім князем у 1440 г. у 13-гадовым узросце. Адметнасцю гэтага перыяду з’яўляецца тое, што ад яго захаваліся параўнальна масавыя актавыя матэрыялы – так званая “кніга пажалаванняў Казіміра”, якая адкрывае сабой “Метрыку ВКЛ”, і запісы пажалаванняў на карысць каталіцкай царквы з архіва Віленскага біскупства, выдадзеныя ў “Дыпламатычным кодэксе Віленскай катэдры і дыяцэзіі” (Kodex dyplomatyczny katedry і diacezji Wileńskiej). У гэтых дакументах фіксуецца працэс раздачы вялікіх зямельных абшараў у прыватную ці царкоўную ўласнасць, які быў распачаты ячшэ пры Вітаўце. Маёнткі раздаваліся ў вечнае карыстанне прадстаўнікам палітычнай эліты, якая ў той час выразна падзялялася на некалькі замкнутых груп, што канкурыравалі паміж сабой. Адну з іх стваралі князі літоўскага паходжання, большасць з якіх былі родзічамі вялікага князя, прадстаўнікамі разгалінаванага роду Гедзімінавічаў. З іх начшадкам Уладзіміра Альгердавіча належалі Слуцкае (з Копылем і Цімкавічамі), Пінскае і Бельскае (у Смаленскай зямлі) княствы, маёнткі Магільная, Гайна і Палонна; нашчадкам Фёдара Альгердавіча – Кобрынскае княства, Уладава, Трасцяніца; нашчадкам Канстанціна Альгердавіча – Чартарыйскае княства, Лагожаск, Рычоў; нашчадкам Лугвеня Альгердавіча –Мсціслаўскае княства і Цяцерын. Апрача іх, у гэтую ж групу ўваходзілі іншыя літоўскія княжацкія роды – Гальшанскія (ім належалі, апрача родавых Гальшан і Трабаў, такія воласці, як Дубровіца, Глуск, Дунілавічы, Лебедзева, Станькава, Барань, Раманава, а таксама частка спадчыны князёў Друцкіх у Зубрэвічах, Новым Быхаве, Дабасне і Турцы) і Ямантавічы (уладанні апошніх, Бачэйкава і Падбярэззе з шэрагам раскіданых анклаваў, знаходзіліся адпаведна ў Полацкім і Друцкім паветах). Усе яны яшчэ да Крэўскай уніі былі ахрышчаны ў праваслаўе, у сувязі з чым апынуліся па-за межамі прывілеяванай каталіцкай канфесіі, але знатнае паходжанне дазваляла ім захоўваць высокі статус у дзяржаве.

Другую групу стваралі нашчадкі старажытнарускай дынастыі Рурыкавічаў – князі Друцкія, Лукомскія, Астрожскія і інш. Вялікія родавыя вотчыны забяспечвалі ім эканамічную магутнасць, але палітычны статус быў ніжэйшы, чым у першай групы. Іх палітычны ўплыў абмяжоўваўся пераважна тэрыторыямі, на якіх дзейнічалі земскія прывілеі, а да кіруючых пасад у вялікакняжацкай радзе яны не дапускаліся. Да гэтай жа групы можна далучыць Рурыкавічаў маскоўскага паходжання, якія эмігравалі ў ВКЛ і атрымалі тут буйныя вотчыны: князёў Мажайскіх (Гомейска-Старадубскае княства) і Яраславічаў-Бароўскіх (Клецк, Рагачоў, Гарадок-Давыдаў). У легендзе да карты ўсе яны пазначаны як “князі рускага паходжання”, але варта памятаць пра шматзначнасць тэрміна “рускі” ў гэты час. Праваслаўнае насельніцтва Беларусі лічыла “рускімі” менавіта сябе, а выхадцаў з Маскоўскай дзяржавы ўспрымала як “маскоўцаў”. Тыя ж, у сваю чаргу, сябе лічылі “рускімі”, а жыхароў ВКЛ – “літвінамі”. У дадзеным выпадку пад “рускімі” разумеюцца абедзве групы Рурыкавічаў.

Трэцюю групу ўтваралі нашчадкі літоўскага баярства, ахрышчанага ў каталіцтва. Большасць з іх (апрача князёў-католікаў Свірскіх і Гедройцеў, якіх мы далічаем да гэтай жа групы) не магла пахваліцца княжацкім паходжаннем, затое яны належалі да пануючай канфесіі, утваралі непасрэднае атачэнне вялікага князя, а ў час яго юнацтва фактычна кіравалі дзяржавай ад яго імя. Менавіта каталіцкім панам прыпадала большасць зямельных пажалаванняў, дзякуючы чаму да канца перыяду некаторыя роды ператварыліся ў найбольш заможную групу арыстакратыі. Найбольш уплывовым з часоў Вітаўта быў род Манівідавічаў з іх адгалінаваннямі Гедыгольдавічамі і Рымавідавічамі, якім у дадзены перыяд належалі Геранёны-Суботнікі, Жупраны, Горваль, Брагін, Любеч, Гасцілава, Даўгінава, Докшыцы, Мсціж, Волма, Мір, Камень, Налібакі, Радашковічы, Забярэззе, Жосна, Крывічы. Нямногім саступалі ім паны Няміры (Даляцічы, Агарэвічы, Дабрамысль, Нясвіж, Іскалць, Лунін, Малешава, Уселюб, Жухавічы), Саковічы (Стары Мядзел, Вязынь, Ілья, Насілава, Няменчын, Ула, Боліна, сёлы ў Чачэрскай і Гомейскай валасцях), Даўгірдавічы (Варняны, Каркажышкі, Лынтупы, Струна, Свіраны), Нацы (Зэльва, ваўкавыская Межырэч, Шылавічы, Лыскава, Воінь, Вішнічы, Яблачна), Насуты (Белая і падляшская Межырэч, Вістычы, Шарашоў), Доргевічы (Хажова, Турэйск, Воўпа, Астрожчычы, Смалявічы, Касута, Палачаны), Гойцавічы (Крошын, Рэпухаў, Хоценічы, Гошчава, Жыровічы), Валімунтавічы-Кезгайлы (Ракаў, Любча, Ельна, Халопенічы) і яшчэ некалькі літоўскіх родаў.

А вось нашчадкі баяр рускага паходжання мелі найніжэйшы статус сярод пануючага кола, бо не былі ні католікамі, ні князямі. Тым не менш некаторыя з іх (асабліва – полацкі род Корсакаў) карысталіся вялікім уплывам на земскім узроўні, маючы параўнальна вялікія зямельныя ўладанні (Корсакам належалі Галубічы, Бабынічы, Язна і інш. у Полацкай зямлі, а таксама Узда). Нарэшце, з прапанаванай класіфікацыі выпадаюць роды Братошычаў-Зяновічаў і Юр’евічаў-Ходкавічаў, якія былі праваслаўнымі, але па статусу і заможнасці (Зяновічам належалі Смаргонь, Паставы, Вішнеў, Глыбокае, Ходкавічам – Бераставіца, Супрасль, Мыш) не адрозніваліся ад літоўскіх паноў, займаючы месцы ў радзе і важныя намесніцкія пасады. Гэта, напэўна, тлумачыцца іх адмысловым паходжаннем. Генеалагічная легенда Зяновічаў сцвярджала, што гэты род быў прышлым з Сербіі, дзе паходзіў ад мясцовай пануючай дынастыі. Хадкевічаў жа генеалагісты ВКЛ XVI ст. лічылі знатным літоўскім родам, які перайшоў у праваслаўе да Крэўскай уніі. Шэраг ускосных меркаванняў сведчыць на карысць гэтай версіі, хоць яна пакуль не даказана.

На карце пазначаны прыблізныя межы тэрыторый, раздадзеных прадстаўнікам пералічаных груп, каталіцкай і праваслаўнай царкве, а таксама тыя, што засталіся ў руках вялікага князя альбо здаваліся ў часовае трыманне яго дробным васалам. Для вызначэння такіх межаў прамых звестак у тагачасных дакументах няма, яны вызначаны шляхам “адваротнай праекцыі” дадзеных аб пазнейшай тэрыторыі маёнткаў, гісторыя якіх прасочваецца з часоў Вітаўта і Казіміра. У некаторых выпадках вызначыць прыналежнасць той ці іншай тэрыторыі аказалася немагчыма, а часам яна пазначана гіпатэтычна. Гэтак жа гіпатэтычнымі з’яўляюцца межы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак – ваяводстваў, земляў, намесніцтваў і княстваў. У крыніцах няма выразных сведчанняў, якія тэрыторыі адносіліся да двух асноўных ваяводстваў, утвораных у 1413 г. (Віленскага і Троцкага), а якія заставаліся па-за іх межамі і падпадалі пад дзеянне земскіх прывілеяў. Гісторыкі выказвалі на гэты конт розныя меркаванні, у тым ліку і аўтар гэтай карты ў папярэдніх энцыклапедычных публікацыях прытрымліваўся іншага меркавання аб прыналежнасці, у прыватнасці, Навагародскага павета. Вядома, што некалі ён уваходзіў ва ўдзел Кейстутавічаў з цэнтрам у Троках, а ў звестках попісу войска 1528 г. пералічаны сярод паветаў Віленскага ваяводства. Непасрэдных жа звестак аб ваяводскай прыналежнасці Новагародка ў час, што разглядаецца, аўтару знайсці не ўдалася. Адносна межаў ваяводстваў трэба ўлічваць і той факт, што магнацкія і княжацкія ўладанні фактычна знаходзіліся па-за ваяводскай структурай, бо карысталіся падаткавым і юрыдычным імунітэтам: вялікакняжацкія намеснікі доступу туды не мелі. Дакладную колькасць намесніцтваў-паветаў вызначыць таксама цяжка, бо адна і тая ж тэрыторыя ў адных крыніцах выступае як самастойная “воласць”, а ў другіх – як частка іншай адміністрацыйнай адзінкі. Што тычыцца тэрыторыі, пазначанай на карце як “Рускія воласці”, то яе можна было б разглядаць як працяг Віленскага ваяводства, але з пэўнымі агаворкамі. Звестак аб тым, як кіраваліся гэтыя воласці ў азначаны перыяд, практычна няма. У пазнейшы час некаторыя з іх падзяляліся на дзве “палавіцы”, падпарадкаваныя віленскаму і троцкаму ваяводам (для Бабруйскай воласці такі падзел прыгадваецца нават у пачатку XVII стагоддзя).