Насевіч В.Л., Цемушаў В.М. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага. 1245–1315 гг. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах. Т.1. Мінск: Белкартаграфія. 2009. С. 60.

Перыяд Вялікага княства Літоўскага

Новы этап у гісторыі Беларусі пачаўся пасля ўключэння яе тэрыторыі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Адбыўся разрыў з папярэдняй традыцый, калі беларускія землі былі часткай старажытнарускай цывілізацыі з гістарычным, духоўным і канфесійным цэнтрам у Кіеве. Пасля разбурэння Кіева манголамі ў 1240 г. часткі Русі, якія пазбеглі непасрэдный залежнасці ад Залатой Арды, пачалі шукаць уласныя шляхі далейшага развіцця. Для продкаў сучасных беларусаў такім шляхам стала прыняцце ўлады літоўскіх князёў.

Першыя крокі на гэтым шляху адлюстроўвае карта “Утварэнне Вялікага княства Літоўскага. 1245–1315 гг.”

Яе храналагічныя рамкі ахопліваюць перыяд ад прыблізнай даты вакняжання ў Новагародку літоўскага князя Міндоўга да пачатку панавання Гедыміна. Ад гэтых часоў захавалася няшмат крыніц, прыдатных для гісторыка-геаграфічных рэканструкцый. Асноўныя звесткі пра дзейнасць Міндоўга, яго сучаснікаў і бліжэйшых наступцаў змяшчае Галіцка-Валынскі летапіс, які ўваходзіць у складз Іпацьеўскага летапіснага збору. Іх істотна дапаўняюць крыніцы заходнееўрапейскага паходжання: хронікі і актавыя матэрыялы Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў, дакументы рымскай курыі (нядаўна яны былі выдадзены ў беларускім перакладзе ў зборніку “Міндоўг, кароль Літовіі”). Некаторыя дадатковыя звесткі можна знайсці ў наўгародскіх, пскоўскіх, уладзіміра-суздальскіх і польскіх летапісах. Але большасць гэтых звестак – вельмі ўрывачныя і неакрэсленыя. Нельга вызначыць дакладныя межы княстваў на гэты перыяд, таму большасць з іх праведзена ўмоўна, на падставе экстрапаляцыі больш ранніх альбо больш позніх звестак. Зразумела, што і накірункі ваенных паходаў вельмі прыблізныя. Агульная гістарычная абстаноўка прыводзіцца паводле канцэпцыі, выказанай аўтарам карты ў шэрагу публікацый, апошнія з іх – артыкул “Літва” для энцыклапедыі “Вялікае княства Літоўскае” (з адпаведнай картай) і адзін з раздзелаў шасцітомнай “Гісторыі Беларусі”. Карта абапіраецца таксама на карты аналагічнай тэматыкі, змешчаныя ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” і “Нацыянальным атласе Беларусі”.