Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага р-на (2004)

Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага р-на. - Мн., 2004. С. 42-59; 70-71.

Звестак пра тэрыторыю Докшыцкага раёна ў старажытнарускі час не захавалася. Можна толькі меркаваць, што гэтая тэрыторыя стварала паўночны ўскраек Менскага княства (альбо Менскай зямлі). Далей на поўнач і ўсход пачыналася Полацкая зямля з Лукомскім княствам. Мяжа праходзіла, напэўна, па лясах і балотах левабярэжжа Бярэзіны, амаль дакладна па мяжы сучаснага раёна, якая і сёння застаецца слабазаселеным краем. На ўсходзе, за лясамі сучаснага Бярэзінскага запаведніка, ляжала Лукомскае княства, на поўначы - уласна Полацкае, мяжа якога ішла на Глыбокае і далей на паўночны захад.

Калі са складу Менскай зямлі часова вылучалася Лагожскае (Лагойскае) княства, то ў яго павінна была ўваходзіць і сучасная Докшыччына. Гэты край ляжаў далёка ад асноўнах цэнтраў княства і быў амаль цалкам пакрыты коўдрай векавечных лясоў. Сярод іх невялікімі выспамі ляжалі сёлы з пашамі і выганамі.

Пра лад жыцця ў гэты час можна меркаваць толькі ў самых агульных рысах. Асноўная частка сельскага насельніцтва старажытнарускіх княстваў з'яўлялася дзяржаўнымі падданымі. Фактычна дзяржаву ўвасабляў князь са сваім дваром. Першапачаткова ён сам аб'язджаў цэнтры падуладных тэрыторый (пагосты), куды звозілася даніна і дзе адбываўся княжы суд. Гэты штогадовы аб'езд зваўся палюддзем. Пазней зборам даніны па валасцях займаліся княжацкія намеснікі - цівуны. Прыкладна з XI - ХІІ стст. узнікаюць феадальныя двары, якія былі асабістай уласнасцю князя, царквы ці баяр. Там працавалі халопы ці залежныя ад гаспадара людзі - закупы і радовічы. Аднак на тэрыторыі Докшыцкага раёна не знойдзена археалагічных помнікаў, якія можна было б лічыць рэшткамі такіх двароў. Магчыма, іх тут і не было, а насельніцтва края ў XI - XIII стст. цалкам складалася з дзяржаўных сялян, абавязкам якіх была выплата даніны рознымі натуральнымі прадуктамі - мёдам, воскам, пушнінай, збожжам і інш.

Старажытнарускія воласці падзяляліся на тэрыторыі асобных сельскіх абшчын, якія зваліся вервямі ці мірамі. Кожная такая абшчына складалася з некалькіх дзесяткаў сялянскіх двароў, якія маглі ствараць адно буйное паселішча (сяло) ці некалькі дробных, хутарскога тыпу. Абшчына мела вызначаныя межы і пэўную самастойнасць. Яе жыхары самі вырашалі справы (апрача цяжкіх крымінальных злачынстваў), неслі калектыўную адказнасць за невыкрытае забойства на абшчыннай тэрыторыі (так званую "дзікую віру"). Надзелы ворных земляў знаходзіліся у карыстанні асобных сем'яў, якія плацілі падаткі ад дыма (адзінкавай сямейнай гаспадаркі) ці ад сахі (зямельнага надзела, які апрацоўваўся адной запражкай). Асабістую ўласнасць стваралі і борці, з якіх сяляне здабывалі мёд - асноўны від даніны. Астатнія землі абшчыны былі ў калектыўным карыстанні ўсіх яе членаў.

У ХІV ст. Менская зямля разам з Лагойскам увайшла у склад Вялікага княства Літоускага. Няма дакладных звестак пра тое, як гэта адбылося. У 1326г. летапіс прыгадвае апошняга менскага князя Васіля, які ужо з'яўляўся васалам вялікага князя Літоўскага Гедыміна [1]. Напэўна, у яго не было нашчадкаў, і пасля яго смерці вялікі князь далучыў Менскае княства да сваіх уладанняў. На першых парах гэта мала адбілася на жыцці мясцовага насельніцтва. Толькі замест цівуноў менскага ці лагойскага князя даніну пачалі збіраць цівуны вялікага князя.

У 1345 г. адбылося пагадненне паміж сынам Гедыміна - вялікім князем Альгердам і яго братам і суправіцелем Кейстутам аб падзеле тэрыторыі ВКЛ на дзве часткі - віленскую і троцкую. Менская зямля (у тым ліку і Докшыччына) увайшла ў Віленскае княства (з 1413 г. - ваяводства). Яна падзялялася на некалькі буйных валасцей. Амаль увесь сучасны Докшыцкі раён з сумежнымі часткамі Лагойскага і Барысаўскага ўтваралі Харэцкую воласць, якая нагадваецца ў шэрагу велікакняжацкіх грамат канца XIV - пачатку ХV ст. Яна ахоплівала вярхоўі Бярэзіны ад яе вытокаў прыкладна да ўпадзення Гайны і межавала на поўдні з Лагойскай воласцю, на поўначы і ўсходзе - з Полацкай зямлей. Якая воласць была заходнім суседам Харэцкай - дакладна вызначыць цяжка з-за недахопу звестак. Напэўна, гэта была Мядзельская ці Куранецкая воласць. Дзе знаходзіўся цэнтр Харэцкай воласці, таксама невядома. Даследчыкі мяркуюць, што такім цэнтрам мог быць феадальны двор, а пазней замак Камень Харэцкі (сучасная вёска Камена ў Лагойскім раёне, на ўсход ад Плешчаніц) [2].

Харэцкая воласць падзялялася на тэрыторыі асобных сельскіх абшчын, якія ў крыніцах названы сёламі. Кожная такая абшчына займала каля 10-15 км упоперак. Велікакняжацкія прывілеі (на лацінскай мове) захавалі назвы некаторых сёлаў - цэнтраў абшчын: Berezincy (суч. Беразіно), Wolcza (Ваўча), Nezdylowicze (Гнязділава), Domaszkowicze (Дамашковічы), Doxiczane (Докшыцы) [3]. Апрача таго, на падставе крыху пазнейшых звестак рэканструіруюцца некаторыя іншыя сельскія абшчыны: Вілейка, Вольбаравічы, Тумілавічы, Порплішча.

Назвы сёлаў Харэцкай воласці з'явіліся ў велікакняжацкіх граматах у выніку глыбокіх змен у палітычным стане Вялікага княства Літоўскага. У 1385 г. адбылася Крэўская унія - пагадненне аб дзяржаўным саюзе з суседнім Польскім каралеўствам. Адной з умоў пагаднення было хрышчэнне паганскай дагэтуль Літвы ў каталіцкую веру. Гэта было выклікана, апрача іншага, тым, што адбывалася актыўная асіміляцыя вышэйшай літоўскай знаці з боку старажытнабеларускага ("рускага" паводле тэрміналогіі таго часу) насельніцтва, якое складала большасць у дзяржаве. Нават сыны і ўнукі Гедыміна, калі пачыналі княжыць у Полацку ці Пінску, прымалі праваслаўе і хутка пранікаліся мясцовымі інтарэсамі. Каб пазбегнуць растварэння літоўскага кампанента ў славянскім, вялікія князі Ягайла і Вітаўт пачалі рабіць стаўку на новаахрышчанае літоўскае баярства, фармаваць з яго новае пануючае кола. Яго прадстаўнікі сталі атрымліваць вялізныя зямельныя наданні з ліку былых дзяржаўных валасцей.

Такія ж пажалаванні атрымлівала ад вялікага князя каталіцкая царква. На кошт капітула (савета) пры віленскім біскупе ў 1395 г. былі запісаны сяляне-даннікі з некалькіх сёлаў, сярод іх - з Ваўчы ў Харэцкай воласці [4]. Гэта, дарэчы, самае ранняе ўпамінанне населенага пункта Докшыччыны ў пісьмовых крыніцах. У лацінскамоўным тэксце прывілея Вітаўта прыводзіцца даволі разгорнутае апісанне новых уладанняў капітула: "сёлы з людьзмі, ... з усімі даходамі, судовымі і іншымі плацяжамі, пажыткамі, ворывам, лугамі, пашамі, лясамі, гаямі, дубровамі, сажалкамі, рыбалоўнымі ўгоддзямі, барамі, борцямі, паляўнічымі гонамі, птушынымі ловамі, усімі абшарамі і дадаткамі, так, як папярэднікі нашы і мы самі трымалі ў нашым карыстанні, даруем дарам вечным і непарушным на вечныя часы". З гэтага апісання можна вызначыць, што ваўчане займаліся не толькі (а можа, і не столькі) земляробствам, але і бортніцтвам, паляваннем, рыбалоўствам і ляснымі промысламі. Іх падаткі пайшлі з гэтага часу на ўтрыманне капітула, які складаўся ў асноўным са святароў кафедральнага касцёла Св. Станіслава ў Вільні.

Найбольш значным прадстаўніком новага пануючага саслоўя быў Войцах (па латыні Альберт) Манівід - першы віленскі ваявода (табл. 1). Напярэдадні хрышчэння Літвы ён валодаў усяго дзвюма феадальнымі сялібамі, а праз некалькі дзесяцігоддзяў яго зямельныя уладанні можна было параўнаць з уладаннямі буйнога князя. Сярод іншых маёнткаў вялікі князь Вітаут пажалаваў Манівіду вялікую колькасць сялянскіх сем'яў ("даннікаў мядовых, інакш бортнікаў"), што жылі ў пералічаных вышэй сёлах Харэцкай воласці: Беразіне, Гняздзілавічах, Докшыцах, Дамашкавічах. У 1407 г. гэтыя наданні былі замацаваны за ім і яго нашчадкамі навечна, што з'яўляецца першым непасрэдным іх упамінаннем [5]. З гэтага моманту сяляне, якіх пажалаваў Вітаут, ператварыліся з дзяржаўных у прыватнаўласніцкіх: яны не залежалі ужо ад воласці, а ўсе павіннасці давалі цівуну (урадніку) новага пана. Ён жа атрымліваў права судзіць іх.

У 1422 г. Манівід таксама зрабіў запіс на карысць віленскага бікупства, падараваўшы яму дзве роднасных паміж сабой групы сялян - "Львовічаў і Небутавічаў з іх братамі і родзічамі", якія жылі недзе на рацэ Бярэзіне (напэўна, якраз у Докшыцкім раёне, на памежжы сёлаў Беразіно і Ваўча, і ў выніку гэтага падаравання яны перайшлі з падданства першай абшчыны ў другую). У лацінскамоўным дакуменце спецыяльна пазначаецца, што яны ўтваралі шэсць самастойных "фамілій, па мясцоваму сем'яў" (sex familiae vlgariter siemie) [6]. Усе разам яны павінны былі даваць даніну ў памеры шасціпяднага лукна мёду. На думку даследчыкаў, такое лукно (берасцяны кораб памерам у 6 пядзей, альбо каля 195 см) умяшчала каля 12 пудоў мёду. На адну сям'ю ў такім выпадку прыходзілася па 2 пуда. Адначасова з імі Манівід падараваў біскупству тры сям'і Цярэнцьевічаў, што жылі ў іншым месцы (назва яго скажоная да непазнавальнасці). Іх даніна была крыху большай - пяціпяднае лукно, альбо каля 10 пудоў на тры сям'і.

У ХV ст. працэс ператварэння дзяржаўнай маёмасці ў прыватную яшчэ паскорыўся. Каля 1440 г. сын Войцаха Манівіда Ян (Івашка) Манівідавіч атрымаў дадатковыя пажалаванні: "Івашку Монивидовичу к Хорянам придано Омлишовцы и Долгиновцы" [7]. Справа ідзе пра жыхароў сёлаў, што знаходзіліся па суседству з сучасным Докшыцкім раёнам - Амнішава (Лагойскі р-н) і Даўгінава (Вілейскі р-н). Пры гэтым тэрыторыя Даўгінаўскай сельскай абшчыны цягнулася ў бок Докшыччыны і захоплівала яе край. Менавіта на той яе частцы, што была пажалавана Манівідавічу, узніклі, напэўна, сёлы Мільча і Вардамічы, а пазней, ужо непасрэдна на тэрыторыі Докшыччыны - Чысці Мільчанскія і Чысці Вардамскія.

Заходняя частка Докшыччыны ўваходзіла, верагодна, у Мядзельскую воласць, дзе вялікія пажалаванні атрымаў у ХV ст. троцкі ваявода Багдан Саковіч. Яму ж у 1485 г. дасталася астатняя частка Даўгінава. У спадчыну Саковіча, якая належала яго дачке Альжбеце, жонцы Мікалая Радзівіла, уваходзілі Ваўкалата, Вешняны (Вешняе), Праходы, Старое Сяло і Сітцы - абшар, які ахоплівае ўвесь заходні ўскраек Докшыцкага раёна [8].

Віленскія канонікі на працягу XV ст. таксама атрымалі новыя наданні. На забяспячэнне пасады архідзякана, якая была створана ў 1435 г., вялікі князь тады ж вылучыў зямельны абшар, на якім пазней узнік маёнтак Параф'янава [9]. Польскі гісторык Е.Ахманьскі мяркуе, што гэты абшар належаў да Куранецкай воласці. Калі гэта так, то тэрыторыя Параф'янаускага маёнтка ляжала на самым ускрайку гэтай воласці, ля мяжы з Докшыцамі і Гняздзілавічамі, якія вылучыліся з Харэцкай воласці. Пры утварэнні гэтых маёнткаў засталіся неразмяжаванымі лугі і сенажаці па рэчках Бладзь (Блядка), Лыха і Зуя (Зуйка) да самай Сервечы. З-за гэтых земляў пазней, у 1460 г., сын Яна Манівідавіча Войцах вёў спрэчку з уладальнікам Параф'янавічаў архідзяканам Мацеем [10]. Межавая спрэчка перайшла ў спадчыну да нашчадкаў Манівідаў і цягнулася яшчэ у ХVІ ст.

Такім чынам, на працягу канца ХІV - ХV стст. былыя дзяржаўныя даннікі з Харэцкай воласці былі раздадзены некалькім буйным феадальным родам і віленскаму капітулу. Гэта быў час, калі феадалізм на землях Вялікага княства развіваўся не столькі ўглыб, колькі ўшыр. Масіў буйных землеўладанняў яшчэ толькі фармаваўся. Таму пераход з дзяржаўнага ў прыватнаўласніцкае падданства спачатку мала змяніў жыццё насельнікаў Докшыччыны. Змяніўся адрасат феадальнай даніны, але не яе характар, і падданыя новых паноў яшчэ доўга называвюцца ў крыніцах даннікамі. Гэтаму спрыяла і тое, што ніхто з новых уладальнікаў Харэцкай воласці не жыў непасрэдна на яе тэрыторыі. Паны Манівіды жылі ці ў Вільні, ці ў сваім галоўным маёнтку Геранёны (недалёка ад Ліды ў суч. Гродненскай вобл.). Дзейнасць каталіцкіх святароў - уладальнікаў Ваўчы і Параф'янава - таксама праходзіла ў Вільні.

Невядома, якім чынам невялікая частка Докшыччыны трапіла да князёў Чартарыйскіх - уладальнікаў Лагойска (табл. 2). Апошні з гэтай галіны, князь Сямён Аляксандравіч Чартарыйскі, на пачатку ХVІ ст. валодаў Порплішчам і нейкім Вапленым (месцазнаходжанне апошняга невядомае), якія ён прадаў у гэты час яшчэ аднаму буйному землеўладальніку - пану Юрыю Іванавічу Зяновічу [11]. З гэтага часу Порплішча далучылася да вялікай вотчыны Зяновічаў, якая ляжала далей на поўнач, у сучасным Глыбоцкім раёне.

У другой палове XV ст. спыніў існаванне род Манівідаў - буйнейшых землеўладальнікаў на тэрыторыі Докшыччыны. Ян Манівідавіч, які памёр у 1458 г., пакінуў чатырох дзяцей: сыноў Войцаха і Яна, дачок Ядвігу і Соф'ю. Сыны памёрлі у 1470-я гады і не пакінулі дзяцей. Усе вялізныя ўладанні перайшлі да іх сясцёр, з якіх Соф'я была жонкай літоўскага пана Мікалая Радзівілавіча - пазнейшага ваяводы віленскага і канцлера, нашчадкі якога вядомыя пад прозвішчам "Радзівілы". Пра шлюб Ядвігі дакладных звестак няма, але ўскосныя сведчаць пра тое, што яна выйшла за пана Алехну Судзімонтавіча -аддаленага родзіча Радзівілаў, які быў старэйшы за Мікалая і займаў пасады віленскага ваяводы і канцлера перад ім (табл. 3). Прынамсі, адна з унучак Алехны называла сваю бабку Манівідаўнай [12].

Харэцкія даннікі Манівідаў былі падзелены паміж сёстрамі і ў далейшым адышлі да іх дзяцей. Соф'я Манівідаўна ў шлюбе з Мікалаем Радзівілавічам пакінула чатырох сыноў: Мікалая (таго, што быў жанаты з Альжбетай Саковіч, тытулаваўся князем на Мядзелі і Ганёндзі і пасля бацькі займаў пасаду віленскага ваяводы), Яна, Юрыя (яны паклалі пачатак адпаведна нясвіжскай і біржайскай галінам Радзівілаў) і Войцаха. З іх нежанаты Войцах, біскуп віленскі, памёр у 1519 г., а ў наступным годзе застаўшыяся тры браты, якія былі ўжо сталымі людзмі, нанова падзялілі свае маёнткі [13]. Сярод іх згадваюцца і "всих людей данников Хорецких 316 человек" - тая частка манівідаўскай спадчыны, што некалі дасталася іх маці Соф'і. Даннікі былі падзелены пароўну паміж братамі, прычым кожнаму з іх прыпала па 105 "чалавек" (сем'яў), адна сям'я засталася па-за падзелам. З даннікаў, што ўвайшлі ў кожную долю, належала мёду па "4 пуловицы и 14 пудов и 4 безмена". Усе даннікі, за выключэннем 27, што ўвайшлі ў долю Мікалая (як вынікае з далейшага - жыхароў Тумілавічаў і часткі Докшыцаў), плацілі яшчэ грашовы падатак у памеры "15 коп без 12 грошаў", гэта значыць - 888 грошаў ("капа" як лікавая адзінка абазначала 60 грошаў). У разліку на адну сям'ю гэты падатак складаў каля 3 грошаў.

Пра дзве з гэтых трох частак звесткі вельмі няпэўныя. Да долі, якую атрымаў малодшы з братоў, Юрый Мікалаевіч Радзівіл, належала, напэўна, частка насельнікаў Вольбаравічаў (Войбаравічаў) і Гняздзілава (Гняздзілавічаў), а таксама Дамжэрычаў ( у сучасным Лепельскім раёне) і Дзедзілавічаў (у Барысаўскім раёне). Яны пазней былі уласнасцю яго сына - Мікалая Радзівіла Рудага, які меў тытул князя на Біржах і Дубінках. Азначаныя маёнткі былі аб'ектам маёмаснай здзелкі паміж ім і панам Васілём Цішкевічам у 1567 г. (гл. ніжэй). Што датычыць сярэдняга брата, Яна Мікалаевіча, то сярод уладанняў яго нашчадкаў - князёў на Нясвіжы і Алыцы - маёнткі на тэрыторыі Докшыччыны не ўпамінаюцца. Магчыма, ён пазбавіўся сваёй часткі Харэцкай воласці, саступіўшы яе братам.

Затое даволі падрабязна просочваецца лёс той часткі, што дасталася старэйшаму з братоў - Мікалаю Мікалаевічу Радзівілу, князю на Мядзеле і Ганёндзі. Ён памёр вельмі хутка пасля гэтага падзелу, на пачатку 1522 г. Трое яго сыноў і ўдава Альжбета Саковіч у сваю чаргу здейснілі падзел маёнткаў, апрача іншага падзяліўшы і 105 харэцкіх даннікаў [14]. Усе маёнткі былі падзелены на чатыры часткі, але ў дакуменце не пазначаецца, каму дасталася кожная з іх. У адной з гэтых частак былі падданыя з Мсціжа (у сучасным Барысаўскім раёне) і Дамашкавічаў на самым поўдні Докшыччыны, прыпісаныя да галоўнага маёнтка Муснікі ў Літве, на паўночны захад ад Вільні. Іх мядовая даніна вымяралася 34 пудамі і 2 бязменамі (пуд складаўся з 5 бязменаў і важыў каля 15 кг), але колькасць сем'яў у гэтых сёлах не пазначана.

У іншую долю спадчыны М.М. Радзівіла ўвайшлі 32 сям'і з Тумілавічаў, якія выконвалі павіннасці коштам у 6,5 коп грошаў (такім чынам, у сярэднім на сям'ю прыходзілася па 12 грошаў). Яны былі прыпісаны да маёнтка Упнікі (недалёка ад Муснікаў). Крыху ніжэй у тым жа дакуменце пазначаецца, што даннікі "Томиловские и Докшичцкие" уносілі мядовую даніну ў памеры 33 пудоў і паловы бязмена, а кошт пуда мёду складаў 12 грошаў. Гэта якраз супадае з коштам павіннасцяў, якія прычыталіся з кожнага тумілавіцкага падданага. Напэўна, яны ўвесь падатак уносілі менавіта мёдам, што дазваляе пазнаць у іх тых харэцкіх даннікаў, якія пры падзеле 1520 г. згадваліся як пазбаўленыя ад грашовай выплаты. Пры гэтым на сям'ю зараз прыпадала не 2 пуда, як у 1422 г., а ўдвая менш.

Як вынікае з далейшага, гэтая частка спадчыны дасталася сыну М.М. Радзівіла Яну, старосце жамойцкаму. У 1535 г. ён меў памежны канфлікт з полацкім баярынам Багданам Іванавічам Зяноўевічам-Корсакам, уладальнікам маёнтка Галубічы за ракой Бярэзінай, у сучасным Глыбоцкім раёне. Абодва яны абвінавачвалі адзін аднаго ў захопе зямлі, нападзе на маёнткі, рабаванні і збіцці сваіх падданых. У прыватнасці, Зяноўевіч-Корсак зрабіў напад на Тумілавічы [15].

У сярэдзіне ХVІ ст. адбыліся новыя змены ў складзе землеўладальнікаў. Ян Мікалаевіч, староста жамойцкі, памёр у 1542 г. апошнім з сыноў М.М. Радзівіла, і на ім скончылася мужчынская галіна князёў на Мядзелі і Ганёндзі. Спадчына разышлася ў рукі яго сясцёр і дачок. Пры гэтым сястра Алена, жонка князя Юрыя Алелькавіча-Слуцкага, атрымала маёнткі Даўгінава і Ваўкалату, якія раней належалі яе маці, Альжбеце Багданаўне Саковіч. Пасля смерці Алены ў 1546 г. Даўгінава і Ваўкалата былі падзелены паміж яе сынам, Юрыем Юр'евічам Слуцкім, і дачкой Соф'ей, жонкай пана Ю.А.Хадкевіча. Пры падзеле прыгадваюцца суседнія з Ваўкалатай сёлы Старае, Вешняны і Праход, якія належалі да маентка Манькавічы на Мядзельшчыне (хутчэй за усё, яны таксама былі часткай спадчыны Б.А.Саковіча) [16]. У 1567 г. сярод уладанняў Ю.А. Хадкевіча ўпамінаецца і дворац Сітцы (паміж Ваўкалатай і Порплішчам), які належаў у той час да двара Даўгінава [17].

Што датычыць манівідаўскай спадчыны ва ўладаннях мядзельска-ганёндзкай галіны, то яна была падзелена паміж трыма дачкамі Я.М. Радзівіла. Да 1565 г. дзве з іх памерлі бяздзетнымі і ўся спадчына зноў сабралася ў руках трэцяй - Ганны, удавы Станіслава Кішкі (пазней яна выйшла другім шлюбам за Крыштафа Садоўскага) [18]. Частка Докшыц, што належала Ганне Радзівілаўне-Кішчынай, у 1560 г. налічвала 48 дымоў (19 службаў). У гэты час у Докшыцах ужо існавала царква (напэўна, заснаваная значна раней). Ганна памёрла ў 1600 г., пасля чаго манівідаўска-радзівілаўская спадчына перайшла да яе сыноў, Яна і Станіслава Кішкаў.

Другая палова спадчыны Манівідаў наследвалася наступным чынам. Пан Алехна Судзімонтавіч памёр каля 1491 г., пакінуўшы дзвюх дачок. Адна з іх, невядомая з імя, стала ў далейшым жонкай Станіслава Барташэвіча Мантоўта. Праз яе частка харэціх даннікаў трапіла да Мантоўта, а затым да яго дачкі. У гэтую частку ўваходзілі жыхары сумесных з Радзівіламі Вольбаравічаў і Гняздзілава, а таксама, верагодна, сёлы Запонне і Нябышына, якія пачынаюць згадвацца ў дакументах крыху пазней. Другая дачка Алехны Судзімонтавіча, Соф'я, выйшла за князя Аляксандра Юр'евіча Гальшанскага. Частка харэцкіх даннікаў затым належала чатыром яе дачкам і сыну Паўлу Гальшанскаму, біскупу віленскаму. Да гэтай часткі належалі некалькі сем'яў з Докшыц, а таксама Прусавічы і Далькевічы на поўдзень ад сучаснага Докшыцкага раёна.

У 1525 г. сярод маёнткаў Ядвігі Аляксандраўны Гальшанскай, якая на той час была ўдавой пана Яна Літавора Храбтовіча, прыгадваецца частка Вітунічаў [19]. З пазнейшай звесткі вынікае, што ёй жа належала частка Докшыц. Гэтую частку, разам з іншымі маёнткамі, Ядвіга Гальшанская перад смерцю падаравала жонцы вялікага князя Жыгімонта - Боне, пазбавішы такім чынам законнай спадчыны сваю дачку Соф'ю Храбтовіч, якая без мацярынскай згоды выйшла ў 1531 г. замуж за польскага шляхціча Мікалая Ўралеўскага. Аднак Бона ў 1539 г. вярнула гэтыя маёнткі Ўралеўскаму, які неўзабаве прадаў іх Міхаілу Федаровічу, а той у 1551 г. прадаў Васілю Цішкевічу (Тышкевічу), уладальніку Лагойска пасля князёў Чартарыйскіх [20]. Апошні, верагодна, набыў і некаторыя іншыя часткі князёў Гальшанскіх. У 1567 г. ён жа ўзяў у заклад за 2800 коп грошаў сумежныя маёнткі Мікалая Юр'евіча Радзівіла - Дзедзілавічы, Дамжэрычы, Войбаравічы і Гняздзілавічы [21]. Яны затым прыгадваюцца ў яго завяшчанні.

У Ядвігі Гальшанскай-Храбтовічавай была яшчэ адна дачка - Ганна, жонка Юрыя Осціка. Яна сваю частку спадчыны завяшчала сыну, Мікалаю Осціку, а той у сваю чаргу падараваў яе ў 1569 г. свайму зяцю, князю Льву Сангушку-Кашырскаму. Сярод гэтых уладанняў была частка Докшыцаў і Прусавічаў [22].

Брат Ядвігі Павел, біскуп віленскі, быў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду князёў Гальшанскіх. Ён памёр у 1555 г., пасля чаго яго частка судзімонтаўскай спадчыны аб'ядналася з часткай пляменнікаў і пляменніц: чатырох сыноў і дзвюх дачок Ганны Аляксандраўны Гальшанскай ад шлюбу з Мікалаем Пацам [23]. Докшыцы і іншыя маёнткі былой Харэцкай воласці былі падзелены паміж імі на невялікія долі. Адзін з гэтых пляменнікаў, Станіслаў Пац, у 1561 г. са згоды астатніх братоў прадаў 5 службаў у Докшыцах, якія прыпалі на іх долю, Ганне Радзівілаўне-Кішчынай, якая ўжо валодала радзівілаўскай часткай таго ж маёнтка [24].

Тая частка сёлаў Вольбаравічы і Гняздзілавічы, што трапіла праз шлюб да Станіслава Барташэвіча Мантоўта (табл. 4), была прылучана да яго маёнтка Салешнікі на Віленшчыне (сучасны Шальчанінкай). Разам з Салешнікамі гэтыя даннікі з Вольбаравіч і Гняздзілавіч паслядоўна перайшлі затым да зяця Мантоўта, вілёнскага ваяводы Яна Юр'евіча Глябовіча, і дачок апошняга - Ядвігі (жонкі Мікалая Сапегі) і Крысціны (жонкі Яна Камаеўскага). У 1555 г. адбыўся падзел Салешнікаў паміж Крысцінай Камаеўскай і яе пляменніцай, адзінай дачкой памёршай к таму часу Ядвігі Сапежынай - Ганнай, жонкай князя А. Пронскага. Пры падзеле быў складзены інвентар, у якім пералічаны "даннікі на Русі" - жыхары Вольбаравічаў і Гняздзілавічаў [25]. З інвентара можна даведацца, што ў Гняздзілавічах да Салешнікаў цягнула 49 дымоў, а ў Вольбаравічах - 20. У Вольбаравічах існавала праваслаўная царква. Пры гэтым гняздзілавіцкія даннікі валодалі 43 сохамі (запражкамі валоў), а вольбаравіцкія - 14 сохамі. Гэтыя запрэжкі размяркоўваліся нераўнамерна. Тры найбольш заможныя гаспадаркі з азначаных 69 мелі па 1,5 сахі (гэта значыць - па 3 вала), а 42 гаспадаркі - па адной поўнай запрэжцы. Затое ў 21 гаспадара было толькі па аднаму валу, а ў 3 зусім не было цяглавай жывёлы.

Увогуле з двух сёл належала даніна ў 40,5 пудоў мёду і яшчэ 10,5 пудоў за пусташы, размеркаваныя паміж імі. Астатняя частка падаткаў (значна меньшая па памерах) ішла грашыма (дзве капы грошаў), збожжам (паўбочкі жыта і 4 бочкі аўсу), пушнінай (2 вавёркі). Апрача таго, пэўная доля падаткаў належала ўрадніку, які збіраў даніну і адвозіў у галоўны маёнтак. Гэты падатак зваўся "цівуншчынай". Была і працоўная павіннасць: штогод жыхары Гняздзілавічаў павінны былі пасылаць 7 касцоў з косамі і 2 коней на 8 тыдняў у Салешнікі, а па вясне і ўвосені 2 чалавека з тапарамі ішлі туды ж для "работы дворнай". Таксама 1-2 гроша належалі ўрадніку, які кантраляваў выкананне павіннасці.

Асаблівасцю лёсу харэцкіх сёлаў (як і многіх іншых паселішчаў таго часу) было драбленне іх паміж некалькімі саўладальнікамі. Гэта было вынікам таго, што феадалы пры падзеле спадчыны імкнуліся атрымаць долі, роўныя не толькі па колькасці падданых, але і па іншых акалічнасцях: аддаленасці ад небяспечных межаў дзяржавы і ад галоўнай сваёй рэзідэнцыі, якасці глебы і інш. Таму кожны браў сабе не асобнае сяло, а па пэўнай колькасці сялян у розных паселішчах. Таму жыхары дзвюх суседніх сялянскіх сяліб часам апыналіся падданымі розных гаспадароў, галоўныя маёнткі якіх знаходзіліся вельмі далёка і ад гэтага сяла, і адзін ад аднаго.

У такіх умовах былая сялянская абшчына паспытала моцную трансфармацыю. Зараз яна ахоплівала не жыхароў спрадвечнай верві, а падданых аднаго ўладальніка, якія жылі ў тэрытарыяльна блізкіх паселішчах. Звычайна адно з іх, найбольш буйное, рабілася цэнтрам уладання. Там узнікаў феадальны двор - рэзідэнцыя самога феадала ці, часцей, урадніка. Там жа, як правіла, будавалася царква. Такое паселішча звалася сялом, у польскамоўных дакументах - вессю, адкуль паходзіць і сучасная беларуская назва "вёска". Больш дробныя паселішчы вакол, звычайна не болей трох - пяці двароў, у польскамоуных дакументах зваліся "засценкамі". Калі сяло належала двум уладальнікам, яно паступова магло распасціся на два асобных паселішчы. Так, напрыклад, адбылося з Гняздзілавам - Паўночным і Паўднёвым, а таксама з Чысцямі - Вардамскімі і Мільчанскімі.

Павіннасці сялян - як цяглых, так і даннікаў - вызначаліся ад зямельнага надзела, якім яны карысталіся для ўласных патрэб. Надзел пэўнага памеру (каля 15 - 20 га) зваўся службай. Сялянская сям'я, што трымала службу, плацілі зафіксаваны падатак і выконвала іншыя павіннасці незалежна ад колькасці едакоў і працаўнікоў. Гэта прыводзіла да таго, што сем'і з цягам часу разрасталіся і дзяліліся, але працягвалі трымацца старой службы , каб выконваць менш павіннасцяў. У выніку на некаторых службах "сядзелі" да 4-5 двароў, а ў сярэднім памер службы складаў у 1560-я гг. каля двух двароў.

З XVI ст. у ВКЛ пачалі набываць пашырэнне маёнткі з панскай запашкай, на якой працавалі цяглыя сяляне. Такі двор зваўся фальваркам. Але аддаленасць Докшыччыны ад асноуных феадальных цэнтрау спрыяла таму, што лад жыцця тут мяняўся вельмі павольна. Вельмі доўга фальваркі тут не ўзнікалі, а значыць, мясцовыя жыхары не ведалі паншчыны. Канешне, працоўная павіннасць у галоўным маёнтку мела свой цяжар, асабліва калі ўлічыць доўгі шлях да яго (і усё за свой кошт). Але калі параўнаць павіннасці тых жа Гняздзілавічаў (7 касцоў і 2 цесляры ў год) з агульнай колькасцю двароў - 44, няцяжка падлічыць, што на кожны двор працоўная павіннасць прыходзілася раз у 5 гадоў. Між тым у сёлах, што ляжалі непасрэдна ля панскага фальварка, з кожнай службы праца на панскіх палетках займала 2 і больш чалавека-дні ў тыдзень.

У выніку гэтых заблытаных пераходаў і перадзелаў спадчыны большасць тэрыторыі Докшыччыны, аднак, засталася ў руках найбольш адметных панскіх родаў. Сапраўднымі магнатамі былі Радзівілы, Кішкі, Хадкевічы, князі Слуцкія - кожнаму з іх належалі тысячы і нават дзесяткі тысяч падданых у розных канцах Вялікага княства Літоўскага. Буйным уладальнікам была і каталіцкая царква, якой па-ранейшаму належалі Параф'янава і Ваўча з Бягомлем. Дарэчы, Параф'янава ўпамінаецца ў 1559 г. у адным з дакументаў віленскага біскупства. Тады гэты маентак налічваў 66,5 сох і 17 земляў (надзелаў бедных сялян, якія не мелі цяглавай жывёлы) [26]. Такім чынам, агульная колькасць падданых складала каля 85-90 сем'яў.

У 1563 г., пад час Інфлянцкай (Лівонскай) вайны, Вялікае княства Літоўскае зведала моцнае ўзрушэнне: войскі маскоўскага цара Івана Грознага захапілі Полацкую зямлю. Як сведчаць маскоўскія пісцовыя кнігі, у якіх зафіксавана мяжа занятых рускімі тэрыторый, да іх на нейкі час трапіла і паўночна-усходняя частка Докшыччыны: мяжа праходзіла па Бярэзіне [27]. Праўда, замацавацца на аддаленых ад Полацка ўскрайках Полацкай зямлі рускія не здолелі. На працягу наступных гадоў яны кантралявалі на левабярэжжы Дзвіны толькі невялікі плацдарм, дзе ўзвялі свае замкі - Сушу, Красны, Кап'ё і інш. Астатняя тэрыторыя зрабілася прыфрантавым краем.

У выніку ваенных няўдач у ВКЛ узмацнілася палітычная актыўнасць шляхты, незадаволенай самаўладдзем магнатаў. Былі праведзены рэформы, зафіксаваныя прыняццем у 1566 г. другога Статута. Вышэйшым дзяржаўным органам рабіўся, паводле польскага ўзору, шляхецкі сейм, дэпутаты яго выбіраліся на павятовых сейміках. Адпаведна ўся тэрыторыя дзяржавы была перадзелена на паветы, якія толькі часткова супадалі з папярэдняй тэрытарыяльнай структурай. Кожны павет набываў пэўнае самакіраванне, збіраў свой шляхецкі сеймік, меў свой суд і г. д. На сейміках і агульнадзяржаўным сейме кожны шляхціч меў адзін голас незалежна ад таго, быў ён магутным магнатам ці ўладальнікам адзінай вёскі.

Тэрыторыя Докшыччыны апынулася падзеленай паміж Ашменскім паветам Віленскага ваяводства і Менскім паветам Менскага ваяводства. Мяжа ішла па рацэ Поні і далей паварочвала уніз па Бярэзіне (тэрыторыя за Бярэзінай пазней, пасля звароту Полаччыны, увайшла у Полацкае ваяводства).

З прыняццем другога Статута палітычная барацьба ў дзяржаве не скончылася. У яе ўмяшалася польская шляхта, якая, выкарыстоўваючы цяжкае ваеннае становішча ВКЛ, абяцала сваю дапамогу толькі на ўмовах дзяржаунага аб'яднання (уніі) яго з Польшчай. Магнаты был актыўнымі праціўнікамі уніі, беларуска-літоўская і асабліва украінская шляхта схіляліся да яе, бо гэта абяцала ім такія ж палітычныя правы, якімі карысталася польская шляхта. Унія была падпісана ў Любліне (Польшча) у 1569 г. Паводле яе ўмоў Вялікае княства Літоўскае і Польшча аб'ядноўваліся у федэратыўную дзяржаву - Рэч Паспалітую абодвух народаў (даслоўны пераклад лацінскага res publica - "публічная справа", дзяржава).

Люблінская унія не азначала поўнага зліцця дзвюх дзяржаў у адну. ВКЛ захавала сваё войска на чале з гетманам, дзяржаўны і дыпламатычны апарат на чале з канцлерам, скарб на чале з вялікім падскарбім і ўласныя законы (у 1588 г. быў прыняты трэці, больш дасканалы Статут, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі два с паловай стагоддзя).

Пасля абрання ў 1575 г. каралём Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя наступіў пералом у вайне з Расіяй. За некалькі гадоў Полацкая зямля была цалкам адваявана, прычым адной з апорных баз войска Баторыя былі ваколіцы Докшыц. За ваенныя заслугі кароль пажалаваў аднаму са сваіх афіцэраў, польскаму шляхцічу Хмялеўскаму, маёнткі Вітунічы, Запонне і Нябышын [28]. За некалькі год да таго, у 1567 г., гэтыя маёнткі з'яўляліся ўладаннем адной з дачок Крысціны Глябовічны-Камаейскай, якая была ў той момант удавой Станіслава Кміты [29]. Якімсці чынам гэтыя маёнткі трапілі затым не да іншых родзічаў Камаеўскай, а ў дзяржауную уласнаснь, з ліку якой Стэфан Баторый узнагародзіў Хмялеўскага. Частка гэтых жа маёнткаў пазней належала шляхцічу Кавечынскаму.

У 1571 г. памёр Васіль Цішкевіч, уладальнік шэрагу маёнткаў на Докшыччыне і побач. Як вынікае з яго завяшчання, складзенага ў 1570 г., яму належалі Ваўча (відавочна, частка яе, бо большасць была ў валоданні віленскага біскупства), Дамжэрычы, Асецішча, Велейка (Вілейка) і Беразыня (Беразіно) [30]. Гэтыя ўладанні, відаць, ляжалі цераспалосна з той часткай спадчыны князёў Гальшанскіх, якая трапіла да паноў Пацаў. Палова ўладанняў у Асецішчы, Ваўчы і Дамжэрычах, набытых Цішкевічам, была завешчана ім старэйшаму сыну Юрыю. Камень-Харэцкі з Вілейкай і другой паловай Асецішча і Ваўчы адышлі дзецям ад другога шлюбу - Астафію і Аляксандры (апошняя была жонкай спачатку А. Хадкевіча, затым князя К.Астрожскага і, нарэшце, М.Язлавецкага).

Аляксандра Цішкевічаўна (Тышкевічаўна) і яе муж Язлавіцкі валодалі Вілейкай і іншымі сваімі маёнткамі яшчэ у 1594 г. [31] Але ўжо ў 1600 г. імі валодаў Херубін Дыбоўскі - муж Барбары Паўлаўны з рода Пацаў [32]. Другім мужам Барбары быў унук Юрыя Васільевіча Цішкевіча - Іосіф (у гэты час радавое прозвішча ўжо ўжывалася ў паланізаванай форме - Тышкевіч). Барбара і Іосіф Тышкевічы ў 1607 г. былі абвінавачаны стрыечным братам Барбары, Янам Дамінікавічам Пацам, ва неўплаце доўга, які з першапачатковай сумы ў 2700 коп узрос да 10 тыс. коп. Паводле законаў ВКЛ, у такім выпадку крэдытору маглі быць перададзены даходы з маёнткаў злоснага неплацельшчыка, пакуль не выбярэ ўсю суму. Той, хто не дапускае крэдытора да "экзекуцыі" доўга на сваіх маёнтках, мог быць прыгавораны да баніцыі - выгнання з дзяржавы. Менавіта так і адбылося з Іосіфам Тышкевічам і яго жонкай, якія адмовіліся даць магчымасць Пацу выбраць доўг на іх маёнтках Вілейцы, Дальковічах і Камені Харэцкім [33].

У далейшым Вілейка разам з Беразіном, Дамжэрычамі і ўсім вялікім абшарам уздоўж р. Бярэзіны апынулася цалкам ва ўладанні Яна Паца і яго нашчадкаў. Прымячальна, што Пацы не раз апыналіся у такім самым становішчы, як некалі І. Тышкевіч: у 1644 г. сын Яна Паца Ян Казімір быў прыгавораны да экзекуцыі 16 тыс. злотых на Вілейцы на карысць ігуменні мінскага жаночага манастыра, у 1630 г. ён жа павінен быў такім чынам пагасіць доўг Л. Дзеравіньскаму ў памеры 12 тыс. злотых на Старым Беразіне. У 1690 г. баніцыя пагражала ўдаве Канстанцыя Уладзіслава Паца за недапушчэнне да выправы доўга на маентку Дамжэрычы [34].

Маёнткі Вольбаравічы і Гняздзілава пры падзеле спадчыны Крысціны Глябовічны-Камаеўскай трапілі да яе дачкі Альжбеты - жонкі Станіслава Нарушэвіча. Яны зрабіліся "даважкай" да маёнтка Нарушэвічаў Відзы ў Браслаўскім павеце. У 1613 г . сын Станіслава, Войцах Нарушэвіч, пазбавіўся гэтай "даважкі", прадаўшы маёнткі разам з фальваркам Нябышына за 20 тыс. коп грошаў Я. Рудаміну-Дусяцкаму [35]. Адначасова другая частка Вольбаравічаў і Гняздзілава належала сыну Мікалая Радзівіла Рудага Мікалаю, а затым сыну апошняга Юрыю, які памёр у 1613 г. [36]

Найбольш трывалым было землеўладанне каталіцкага біскупства, маёнткі якога не ведалі ні падзелаў, ні змены гаспадароў. З канца ХVІ ст. захаваліся некалькі цікавых дакументаў, прысвечаных сялу Ваўча - уладанню віленскага капітула. Гаспадарчая дзейнасць сяла кіравалася ўраднікам, астатнія пытанні вырашала сялянская абшчына на чале са старцам. У 1582 г. ваўчанскі ўраднік Матысь Сасноўскі, які прабыў на гэтай пасадзе 10 гадоў, раптоўна разграміў і разрабаваў панскі двор і, прыхапіўшы сабраныя падаткі, уцёк у сяло Мсціжы, якое належала Астафію Тышкевічу. Пры гэтым сам Сасноўскі звярнуўся ў суд са скаргай на жыхароў сяла Бягомля, якія быццам бы напалі і рарабавалі яго дом [37]. Што адбылося ў маёнтку на самай справе, сказаць цяжка, але нейкі канфлікт паміж ураднікам і сялянамі, безумоўна, меў месца.

У 1596 г. узнік канфлікт паміж ваўчанамі і жыхарамі суседняга сяла Забар'е, якое належала Марціну Юр'евічу Тышкевічу. Ваўчане абвінавацілі забарцаў у тым, што тыя абрабавалі іхнія борці і карэннікі (род вуллеў), якія знаходзіліся ў Кастрыньскім лесе. Для вырашэння канфлікта была склікана капа - сходка прадстаўнікоў абедзвюх абшчын, якая збіралася на мяжы абшчынных тэрыторый і вяршыла суд паводле старажытнага звычаёвага права. Традыцыя копнага суда ўзыходзіць, напэўна, да старажытнарускіх і больш ранніх часоў. Гэта быў даволі эфектыўны інструмент вырашэння спраў, які быў афіцыйна прызнаны дзяржавай (артыкулы пра копны суд ёсць ва ўсіх трох Статутах ВКЛ). Аднак у гэтым выпадку аўтарытэт капы аказаўся недастатковым для вырашэння канфлікта. Калі жыхары Ваўчы на чале са старцам Няхедам Панцялеявічам прывялі доказы злачынства (за якое, між іншым, належала пакаране смерцю), прыпёртыя жыхары Забар'я раптоўна выхапілі схаваныя загадзя кіі, камяні і нават коп'і (ашчэпы), клікнулі таіўшыхся непадалёку сяброў і пачалі жорстка збіваць ваўчан. Тыя вырваліся ледзь жывыя [38].

Канец ХVІ - пачатак ХVІІ ст. быў часам значных перамен у грамадскім жыцці Вялікага княства Літоўскага. Пасля папярэдніх поспехаў Рэфармацыі рэзка ўзмацнілася актыунасць каталіцкай царквы, якой спрыяла новая дынастыя Вазаў (шведскага паходжання), што панавала ў Рэчы Паспалітай з 1587 па 1668 гг. У 1596 г. адбылася Берасцейкая царкоўная унія, паводле якой праваслаўная царква Беларусі і Украіны пераходзіла з падпарадкавання канстантынопальскага патрыярха ў падпарадкаванне папы рымскага. Хуткімі тэмпамі пашыралася паланізацыя шляхты, у тым ліку і карэннай беларускай, якая ў большасці пераходзіла ў каталіцызм. Паны-католікі актыўна будавалі у сваіх маёнтках не толькі ўніяцкія цэрквы, але і касцёлы, каталіцкія кляштары, надавалі ім зямельныя ўладанні. Гэты працэс не абмінуў і Докшыччыну. У 1608 г. сын Ганны Радзівілаўны-Кішчынай Станіслаў Кішка заснаваў у Докшыцах драўляны касцёл, якому падараваў фальварак Туркі [39]. У 1627 г. яго сын Януш Кішка прадаў віленскаму дамініканскаму кляштару за 12400 коп Драгамічы і Вардамічы, разам з належачымі да іх Чысцямі [40]. Рудаміны-Дусяцкія падаравалі Вольбаравічы і Гняздзілава кляштару так званых "босых" кармелітаў у Глыбокім, заснаванаму ў 1640 г. Канстанты Уладзіслаў Пац у 1682 г. заснаваў кляштар бернардынцаў у Беразіне і таксама надаў яму пэўную колькасць сялян [41].

Павялiчыць карту

Гэты працэс супаў з узманненнем феадальнай эксплуатацыі сялянства. На пачатку ХVІІ ст. з'яўляюцца звесткі пра першыя фальваркі у гэтых мясцінах - Туркі, Нябышын. Былыя даннікі ператвараліся ў прыгонных сялян. Старыя службы перамяраліся на валокі - стандартныя зямельныя адзінкі памерам каля 21 га. Валоку звычайна бралі ў карыстанне дзве сялянскія сям'і, як правіла - роднасныя паміж сабой. Двум гаспадаркам лягчэй было справіць павіннасці, якімі абкладалася такая валка. Толькі сёльскія старцы (войты, як іх пачалі зваць з гэтых часоў), выканаўцы адмысловых павіннасцяў (путныя слугі, егеры, сакольнікі і да т.п.) і найбольш заможныя сялянскія двары атрымлівалі па цэлай валоке. Памер паншчыны з валокі паступова павялічваўся з 2 дзён у тыдзень у ХVІ ст. да 4-6 у ХVІІІ ст.

Феадалы былі зацікаўлены ва ўтварэнні на сваіх землях мястэчкаў - паселішчаў, жыхары якіх займаліся не толькі сельскай гаспадаркай, але і гандлёва-рамесніцкай дзейнасцю. Грашовы даход з мястэчка значна перавышаў даход са звычайнага сяла. Утварэнне мястэчкаў знаходзілася пад кантролем дзяржавы і патрабавала адмысловага дазволу. На жаль, мы не маем дакладных звестак пра тое, калі статус мястэчка атрымалі Докшыцы. Хутчэй за усё, гэта адбылося пры Кішках, недзе на мяжы ХVІ - ХVІІ стст. Напэўна, калі ў Докшыцах закладваўся касцёл, яны ўжо былі мястэчкам, бо касцёл звычайна ставіўся на цэнтральнай мястэчкавай плошчы. Верагодна, да часу заснавання кляштара стала мястэчкам і Беразіно, якое нагадваецца ў гэтай якасці ў ХVІІІ ст.

Колькасць паселішчаў у панскіх маёнтках у гэты час ужо набліжалася да сучаснай. Напрыклад, уладанне віленскага архідзякана Параф'янава ахоплівала вескі Азарычы, Балтрамеевічы, Выбараўшчыну, Вярэнькі, Галянішча, Грынёўшчыну, Маскалі, Несцераўку, Свіркі, Струкі, Целяшы, Хілаўшчыну, Янавічы. Праўда, памеры вёсак былі невялікімі - ва ўсім маёнтку налічвалася 239 дымоў [42].

Маёнтак Запонне (з Вітунічамі і Нябышынамі), частка якога ў 1627 г. перайшла ад Кавячынскага да Я.Бурбы [43], у далейшым раздрабіўся на шэраг невялікіх уладанняў - уласнасць Карказевічаў, Стаброўскіх, Чэховічаў і іншых шляхецкіх родаў. Частка яго, з Забар'ем і Асавінам (ці Шклянцамі) па-ранейшаму заставалася ў руках Хмялеўскіх, продак якіх атрымаў яе ад Стэфана Баторыя. Захаваліся інвентары дзвюх частак гэтага раздробненага маёнтка. Адна з іх у 1663 г. адносілася да панскай сядзібы ў Дуброўцы-Запонні. У яе ўваходзіў фальварак Вітунічы, з невялікім аднайменным мястэчкам (32 мяшчанскіх пляцы). Фальваркавае ворыва налічвала 20 валок зямлі, а ў карыстанні сялян навакольных вёсак было 26,5 валок (у тым ліку ў Асінавіку - 6,5 валок, у Дубавіку і Забар'і - па 10) [44]. Суседні маёнтак Нябышын у 1696 г. ахопліваў вёскі Нябышын (20 валок), Рашкоўку (11 вал.), Дабрунь (6 вал.) і Камайск (48 вал.) [45].

Найбольш вялікімі па плошчы былі ўладанні Пацаў на ўсходзе Докшыччыны: Асецішча, Атрубак, Беразіно, Кадлубішча (і далей на поўдзень, у сучасным Лепельскім раёне, Дамжэрычы і Пераходцы). З поўдня на поўнач яны цягнуліся прыкладна на 40 км, але ахоплівалі слабазаселеную, лясістую і балоцістую мясцовсць. Пацам таксама належалі сёлы Вілейка і Ваўча, якія ў ХVІІІ ст. былі застаўлены віленскаму жаночаму кляштару візітак.

Пэўнае ўяўленне аб памерах маёнткаў у другой палове XVII ст. можна атрымаць з тарыфаў падымнага - дзяржаўнага падатку, які землеўладальнікі плацілі ў залежнасці ад колькасці падданых (дымоў). У тарыфе Мінскага павета за 1667 г. [46] згадваецца, што маёнткі Беразіно і Вілейка, належачыя харужаму надворнаму Канстантыю Пацу, налічвалі адпаведна 76 і 80 дымоў. Суседні Атрубак разам з больш аддаленымі Плешчаніцамі (у Лагойскім раёне) належалі Яну Цадроўскаму, падчашаму новагародскаму, і мелі 49 дымоў, але большасць з іх, напэўна, прыходзілася на Плешчаніцы (калі ўлічыць, што брату яго Стэфану Цадроўскаму ў тых жа Плешчаніцах належала 40 дымоў, а іх долі ў гэтым маёнтку мусілі быць роўнымі, то на Атрубак застаецца каля 9 дымоў). Маёнткі Вардамічы і Дарагамічы віленскіх дамініканцаў, якія толькі часткова закраналі заходні ўскраек Докшыччыны, мелі разам 13 дымоў. Трэба ўлічваць, што гэты тарыф быў складзены адразу пасля разбуральнай вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, пад час якой тэрыторыя Беларусі некалькі год заставалася занятай расійскімі войскамі. Ваенныя спусташэнні, голад і эпідэміі прывялі да значнага скарачэння насельніцтва, па меркаваннях даследчыкаў - прыкладна ўдвая.

Маёнткі на тэрыторыі Ашменскага павета, на які прыходзілася большая частка Докшыччыны, згадваюцца ў наступным тарыфе, які быў складзены ў 1690 г. [47] Але "дымы" гэтага тарыфа не адпавядаюць рэальным сялянскім дварам, тым больш што ў двух розных спісах іх колькасць адрозніваецца ў тры разы. Нават у тым варыянце, дзе лічбы большыя, сустракаюцца памеры маёнткаў у палову, чвэрць і нават шостую частку дыма. Кожны такі дым, відавочна, складаўся з некалькіх двароў. Таму звесткі гэтага тарыфа даюць уяўленне толькі пра адносны, а не пра абсалютны памер маёнткаў.

Звесткі ў тарыфе 1690 г. згрупаваны па парафіях. У Докшыцкай парафіі маёнтак Докшыцы падзяляўся паміж капітулам жамойцкага біскупа (82 дыма ў большым варыянце), плябаніяй докшыцкага касцёла (5 дымоў у фальварку Туркі), плябаніяй доцкыцкай царквы (1 дым) і Янам Паўлам Юдыцкім (33 дыма), апошняму належаў таксама фальварак Дзедзіна (9 дымоў). Другая частка Дзедзіна (3 дымы) была ў руках Гераніма Рамана Твароўскага, якому таксама належаў Нябышын (42 дыма), а трэцяя (2 дымы) - удаве Станіслава Асіньскага Марцыбеле з Беліковічаў. Маёнткі Замошша і Порплішча (адпаведна 45 і 90 дымоў) належалі Янушу Зяновічу, Тумілавічы (25) - бенедыктынскаму кляштару ў мястэчку Папорць (у Літве). Большая частка Гняздзілава з Вольбаравічамі (129 дымоў) належала Глыбоцкаму кляштару кармелітаў, а меншая (41) - Андрэю Гутаровічу. Нарэшце, адносна вялікім быў маёнтак Запонне, у якім 4 дымы належалі Адаму Стаброўскаму, а 6 - Антонію Стаброўскаму. Там жа самастойныя маёнткі Слабада (6) і Бубны (10) былі ўласнасцю Габрыэля Рудаміны-Дусяцкага, а Дубровіца (10) - Крыштафа Стаброўскага. Апрача таго, ў Докшыцкай парафіі быў цэлы шэраг вельмі дробных маёнткаў: Запонне-Навасёлкі, Запонне-Мацеева, Запонне-Пупкі, Дзедзін-Свіна, Старына-Слабада, Кемяшоўшчына, Пашкоўшчына, Грэбені, Дзегцяры, Младзеева-Вардамшчына, Восець, Прусы-Даўгі. У кожным з іх было ад 1 да 5 дымоў.

Маёнтак Вітунічы (10 дымоў) Самуэля Венслаўскага аднесены ў адным спісе да Докшыцкай, а ў другім - да Даўгінаўскай парафіі. Гэтак жа буйны маёнтак Сяльцо з Хадароўкай і Ваўкалатай, належачы рэфендару ВКЛ Уладзіславу Бжастоўскаму, у адным спісе тарыфа пазначаны ў Докшыцкай парафіі (яго памер пры гэтым вызначаны ў 244 дыма), а ў другім - у Мядзельскай, дзе ён выступае разам з Мосарам, Лынтупамі і Мядзельскім староствам. Таму цяжка сказаць, адносілася гэтая колькасць дымоў толькі да Сяльца, ці да ўсіх маёнткаў разам (што здаецца больш верагодным).

ХVІІІ стагоддзе было часам паступовага заняпаду Рэчы Паспалітай. Пакуль суседнія дзяржавы - Расія, Прусія, Аўстра-Венгрыя - ператвараліся ў магутныя абсалютыстскія імперыі, Рэч Паспалітую раздзірала барацьба паміж рознымі магнацкімі групоўкамі, паміж магнатамі і шляхтай. На Докшыччыне асабліва цікавых падзей у гэты час не адбывалася. У канцы стагоддзя дзяржава была ў тры прыёмы падзелена паміж моцнымі суседзямі і спыніла існаванне.

Пад расійскім панаваннем

Докшыччына апынулася ў складзе Расійскай імперыі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, на пачатку 1793 г. Замест былых ваяводстваў была утворана Мінская губернія з шэрагам паветаў, сярод якіх 3 мая таго ж года з'явіуся Докшыцкі павет, а Докшыцы атрымалі статус павятовага горада. У 1796 г. яны атрымалі свой герб. Заходні ўскраек раёна, з маёнткам Ваўкалата, тады ж трапіў у Пастаўскі павет. Аднак гэтыя паветы праіснаваў нядоўга - у тым жа 1796 г. яны былі скасаваны, а тэрыторыя іх падзелена паміж суседнімі Барысаўскім і Вілейскім паветамі. Большасць Докшыччыны апынулася ў складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні, а тэрыторыя на захад ад лініі Круляўшчызна - Докшыцы - Гняздзілава ўвайшла ў Вілейскі павет (да снежня 1842 г. - у Мінскай губерні, пазней - у Віленскай).

Пры пераходзе ў падданства Расійскай імперыі большасць землеўлад альнікаў захавала свае маёнткі. Канфіскаваны былі ў першую чаргу ўладанні віленскага біскупства, у тым ліку Бягомль. У далейшым гэты маёнтак належаў спачатку памешчыкам Макузічам, потым - Булгакам, прычым цэнтрам яго стаў ужо не Бягомль, а Бераснёўка. Былі канфіскаваны і іншыя каталіцкія ўладанні - Дзедзін каля Тумілавічаў, што належаў жамойцкаму біскупству, частка Вардамічаў і Драгамічаў (уладанне віленскіх дамініканцаў). Быў канфіскаваны і маёнтак Ваўкалата, які раней належаў Бжастоўскім.

У 1797 г. быу складзены падрабязны інвентар маёнтка Вілейка, які знаходзіўся ва ўладанні віленскага кляштара візітак і пазбегнуў канфіскацыі [48]. У сяле Вілейка ў той час было 23 двары (102 жыхара мужчынскага полу, 75 жаночага), царква, млын, карчма. Вёска (засценак) Кромавічы налічвала 5 двароў, Вялікапале - 3, Замойск (Жамойск) - 5, Краснікі - 9, Вуглы - 6, Гарадзішча - 3, Каменка - 2. Да гэтага ж маёнтка было далучана і сяло Ваўча (27 двароў, царква, млын, карчма), а таксама засценкі Тоўшча і Філіпаўушчына, у якіх жыла так званая чыншавая шляхта. Увогуле маёнтак налічваў 87 дамоў, у якіх жылі 303 мужчыны і 259 жанчын.

У "Эканамічных заўвагах да Генеральнага межавання Мінскай губерні", створаных расійскай адміністрацыяй у 1800 г., [49] прыводзіцца спіс усіх маёнткаў, з пазначэннем колькасці двароў і жахароў мужчынскага і жаночага полу паводле рэвізіі 1795 г. Гэтая крыніца дазваляе вызначыць колькасць насельніцтва Докшыччыны ў гэты час, а таксама параўнаць памеры маёнткаў і паселішчаў. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што неадўлік насельніцтва ў рэвізіях мог дасягаць прыблізна 10 працэнтаў, таму колькасць жыхароў, пазначаную ў іх, на самай справе трэба крыху пабольшыць.

Усяго на тэрыторыі раёна згадваюцца каля 400 населеных пунктаў (месцазнаходжанне некаторых вызначыць цяжка), якія адносіліся да 60 маёткаў. З іх 40 маёнткаў знаходзіліся ў тагачасным Барысаўскім павеце, а 20 - у Вілейскім. Найбуйнейшымі былі маёнткі Порплішча (57 паселішчаў, 493 двары і не менш 2400 жыхароў) і Ваўкалата (46 паселішчаў, 444 двары, не менш 2900 жыхароў). Абодва яны ляжалі ў Вілейскім павеце. Порплішча належала Дамініку Радзівілу, а Ваўкалата незадоўга да таго была нададзена расійскаму вяльможы Цыцыянаву. На тэрыторыі Барысаўскага павета буйнейшымі былі маёнткі Бераснёўка (былы капітульны Бегомль, нададзены Астэрману) з 16 паселішчамі, 382 дварамі, звыш 3000 жыхароў, і Докшыцы, якія належалі Васілю Меляшкевічу (15 паселішчаў, 341 двор, не менш 2300 жыхароў).

Сярод паселішчаў буйнейшым быў заштатны горад Докшыцы, які меў 152 двара і звыш 1100 жыхароў. У мястэчках Бягомль і Беразіно было па 63 двары, насельніцтва першага складала каля 540 жыхароў, другога - каля 520. Значнымі паселішчамі былі таксама Бабцы, Бераснёўка, Будзілаўка, Мількунцы, П'янцы і Юхнаўцы маёнтка Бераснёўка, Таргуны маёнтка Докшыцы, Ліпск маёнтка Беразіно, Порплішча і Лапліна маёнтка Порплішча, Грынеўшчына і Целяшы маёнтка Параф'янава, Бабічы маёнтка Замошша, Янава маёнтка Камайск, Ваўкалата, Гняздзілава, Нябышын, Барсукі аднайменных маёнткаў. У кожным з іх было ад 25 да 60 двароў і ад 200 да 450 жыхароў. Разам з тым каля 150 дробных вёсак, засценкаў і фальваркаў мелі ад 1 да 5 двароў. Увогуле насельніцтва сучаснага раёна складала не менш 26600 жыхароў, а з улікам прапушчаных пры рэвізіі - да 29 тысяч.

На адзін двор у сярэднім прыпадала 6,4 жыхара, але гэтая лічба моцна вагалася як паміж паселішчамі, так і паміж маёнткамі. У радзівілаўскім маёнтку Порплішча, напрыклад, на двор прыходзілася толькі па 4,9 жыхара, у Бераснёўцы - па 7,9, а ў Беразіне - нават па 9. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што паны ўмешваліся ў працэс падзелу сялянскіх гаспадарак - заахвочвалі ці, наадварот, забаранялі дарослым братам дзяліцца. У выніку пад адным дахам часта жылі па дзве, а часам па тры і болей шлюбных пары з дзяцьмі.

Першапачаткова расійскі ўрад мала закрануў унутранае жыццё новадалучаных тэрыторый. Нават Статут 1588 года дзейнічаў на тэрыторыі Мінскай губерніі да 1840 г. Але паступова пачалася палітыка русіфікацыі беларускіх губерняў. Асабліва яна ўзмацнілася пасля падаўлення паўстання 1830-31 гг., накіраванага на аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля гэтага ўрад канфіскаваў не толькі маёнткі актыўных удзельнікаў паўстання, але і апошніх каталіцкіх кляштараў (тады і уладанні Глыбоцкага кляштара кармялітаў - Гняздзілава, Вольбаравічы і фальварак Янкі - былі забраны ў скарб). У 1839 г. была скасавана Берасцейская царкоўная унія. Усіх уніятаў зноў росчыркам пяра ператварылі ў праваслаўных.

Пра стан памешчыцкага землеўладання ва ўсходняй частцы Докшыччыны ў першай палове XIX ст. даюць уяўленне дзве крыніцы: падымны рэестр маёнткаў Барысаўскага павета, які быу складзены пад час акупацыі напалеонаўскай арміяй у 1812 г., і "Апісанне Барысаўскага павета", выдадзенае графам Яўстафіем Тышкевічам у 1847 г., у якім прыводзяцца статыстычныя звесткі паводле рэвізіі 1834 г. [50] Звесткі гэтых крыніц можна параўнаць з больш раннімі звесткамі рэвізіі 1795 г. Гэтае параўнанне паказвае, што ў некаторых маёнтках назіраўся значны рост насельніцтва, а ў іншых - нават скарачэнне.

Так, маёнтак Бераснёўка ў 1812 г., калі ён належаў пану Манузічу, налічваў толькі 210 дымоў (супраць 382 паводле рэвізіі 1795 г.), а ў 1834 (ва ўладанні пана Булгака) - 15 паселішчаў і 1241 рэвізскую душу мужчынскага полу, альбо каля 2,5 тыс. жыхароў (супраць 3 тыс. жыхароў у 16 паселішчах на 1795 г.). Маёнтак Вілейка ў 1812 г. меў 89 сялянскіх двароў і 7 шляхецкіх (чыншавай шляхты), супраць 86 у 1795 г. У 1834 г. гэты ж маёнтак меў 378 мужчынскіх душ, альбо каля 750 жыхароў, супраць 576 у 1795 г.

Маёнтак Тумілавічы з вёскамі Старынка, Стараселле, Парэчча і Шалашы ў 1812 г. належаў тром братам Іозефовічам і налічваў 50 дымоў, хаця ў 1795 г. у ім было амаль удвая больш - 97 дымоў. Суседні Дзедзін, уладанне Глебніцкай, меў 29 сялянскіх дымоў і 1 шляхецкі, адзін дым належау царкоўнай плябаніі, пры тым што ў 1795 г. там было 65 дымоў. У 1834 г. Тумілавічы былі падзелены паміж Карказевічам (52 мужчынскія душы) і Садоўскім (56 душ), што дае разам каля 200 жыхароў, Дзедзін меў 372 мужчынскіх душ альбо каля 750 жыхароў. Верагодна, паміж гэтымі сумежнымі маёнткамі адбылася пэўнае пераразмеркаванне падданых, пры тым што іх агульная колькасць засталася амаль такой, як была ў 1795 г. (тады ў Тумілавічах было 674 жыхара, у Дзедзіне - 390).

Заштатны горад Докшыцы, які быў забраны на скарб і аддзелены ад навакольнай воласці, у 1812 г. налічваў 99 дымоў (супраць 152 у 1795 г.). Цэнтрам навакольных вёсак (Дамашы, Крывічане, Вецер, Плітніца, Крышчуны, Лясы, Рудакі, Загараны, Чарніца) стаў маёнтак Валасатка, што знаходзіўся ў 4 км на паўднёвы захад ад Докшыц і належаў Іосіфу Свяціцкаму. Усяго да гэтага маёнтка цягнулі 106 дымоў. Суседні маёнтак Норвідполе Яна Норвіда меў 60 дымоў. У 1834 г. Норвідполе належала Венцлавовічу, налічвала 186 мучжынскіх душ. Астатняя докшыцкая воласць падрабілася на невялічкія ўладанні. Так, маёнтак Докшыцы Слотвінскага меў 82 душы, Загараны Заблоцкага - 22, Лапуты Блажэвіча - 43, Вецер (Вяцера) належаў ажно тром саўладальнікам (Пжэмыскаму, Турчынскаму і Ярцаву), на якіх прыпадала адпаведна 22, 10 і 35 душ.

Невялікімі былі і маёнткі, на якія распалася былая вотчына Пацаў. Беразіно, якое ў 1812 г. належала Тавянскім і лічылася ўжо не мястэчкам, а сялом, мела 30 дымоў. У Асецішчы 14 дымоў належала Траяну Корсаку, 11 сялянскіх і 10 шляхецкіх - Мікалаю Вяцкевічу. Улессе Станюка налічвала 9 дымоў, Каралін Дабрэўскага - 6. У суседнім маёнтку Цярэспаль Себасцяна Ваньковіча было 37 дымоў, 5 - у належачым Яну Трэмбінскаму Трэмбіне, які знаходзіўся на шляху з Беразіна ў Докшыцы. У 1834 г. буйнейшы з гэтых маёнткау, Беразіно (якоё па ранейшаму належала Тавянскім), мела 311 мужчынскіх душ, альбо звыш 600 жыхароў. Гэта было ўдвая менш, чым у 1795 г.

  1. Полное собрание русских летописей. Т. 7. М., 1856. С. 199.
  2. Ochmanski J. Powstanie i rozwoj latyfundium biskupstwa Wilenskiego (1387 - 1550). Poznan, 1963. S. 46.
  3. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. Krakow, 1948. №№ 25, 70.
  4. Там жа. № 25.
  5. Там жа. № 70.
  6. Там жа. № 86.
  7. Документы Московского архива министерства юстиции. Т. 1. М., 1897. С. 42.
  8. Акты Литовской метрики. Т. 1. Вып. 1. Варшава, 1896. С. 20 - 21; Метрыка ВКЛ. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-18. (Надалей - Метрыка). Спр. 14. Арк. 163.
  9. Ochmanski J. Powstanie i rozwoj … S. 62 - 63.
  10. Kodeks dyplomatyczny … N 236.
  11. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1897. S. 21.
  12. Boniecki A. Poczet rodow w Wielkim Ksiastwe Litewskiem w XV i XVI wieku. Warszawa, 1895. S. 5, 72, 188; Pietkiewicz K. Kiezgailowie i ich latyfundium do polowy XVI wieku. Poznan, 1982. S. 39, note 192, 196.
  13. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси (Далей - АСД). Т. 7. Вильно, 1888. АСД. Т. 1. Вильно, 1867.
  14. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси (Далей - АСД). Т. 7. Вильно, 1888.
  15. Беларускі архіў. Т. 2. Мн., 1928. С. 265 - 268.
  16. Метрыка. Спр. 14. Арк. 164; Спр. 29. Арк. 132; Спр. 246. Арк. 216.
  17. Русская историческая библиотека (Далей - РИБ). Т. 33. Пг., 1915. С. 440.
  18. Malczewska M. Latyfundium Radziwillow do polowy XVI wieku. Warszawa - Poznan, 1985. S. 102 - 108.
  19. Wolff J. Kniaziowie … S. 106.
  20. Там жа.
  21. Метрыка. Спр. 266. Арк. 209 - 210 адв.
  22. АВК. Т. 22. № 611.
  23. Wolff J. Kniaziowie … S. 102 - 107.
  24. Wolff J. Pacowie. Materyaly historyczno-genealogiczne. Petersburg, 1885. S. 28.
  25. АВК. Т. 14. Вильно, 1887. № 2.
  26. Ochmanski J. Biskupstwo Wilenskie w sredniowieczu. Ustroj i uposazenie. Poznan, 1972. S. 98.
  27. Писцовые книги Московского государства. Ч. 1. Спб., 1872. С. 422.
  28. Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego. T. 13. Warszawa, 1892. S. 682.
  29. РИБ. Т. 33. С. 494.
  30. Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов (Далей - АВК). Т. 22. Вильно, 1895. №№ 629, 632.
  31. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). Ф. 1755. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 278 - 280.
  32. НГАБ. Ф. 1755. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 1171, 1376, 1417.
  33. Wolff J. Pacowie … S. 68.
  34. Там жа. S. 73 - 74, 149.
  35. Гильтебрандт П. Рукописный отдел Виленской публичной библиотеки. Вып. 1. Вильно, 1871. С. 105.
  36. Polski slownik biograficzny. T. 30. S. 235.
  37. АВК. Т. 36. №№ 41, 69.
  38. АВК. Т. 18. № 149.
  39. Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego. T. 2. S. 93.
  40. Спрогис И. Географический указатель выборных документов их актовых книг Виленского центрального архива. (Захоўваецца ў чытальнай зале НГАБ).
  41. Wolff J. Pacowie … S. 148.
  42. Ochmanski J. Powstanie i rozwoj … S. 64.
  43. Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego. T. 13. S. 682.
  44. Спрогис И. Геогрфический указатель …
  45. Адздел рукопісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. Ф. ДА. Спр. 1304. Арк. 24.
  46. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. СА. Спр. 3721. Арк. 24.
  47. Rejestry podymnego Wielkiego Ksiastwa Litewskiego. Wojewodstwo wilenskie 1690 r. / Opracowal A. Rachuba. Warszawa, 1989. S. 111 - 115.
  48. АВК. Т. 38. № 43.
  49. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 89. Арк. 348 - 450 (Вілейскі павет), 532 - 588 (Барысаўскі павет).
  50. Аддзел рукапісаў Вільнюскага дзяржаўнага універсітэта. Ф. 4. Спр. 34477; Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu Borysowskiego. Wilno, 1847.